Маскарад на кітайскіх пляжах

5 октября 2014
На курортах Паднябеснай у модзе экзатычны прадмет гардэроба. З аўтарам незвычайнага аксесуара пазнаёміўся наш уласкар у Кітаі Дзяніс Бальшакоў.

Гэта не размінка перад рабаваннем. Пад маскай хаваецца законапаслухмяная кітайская пенсіянерка. Увесь купальны сезон яна праводзіць на сваім родным пляжы ў Цыньдаа. І ўвесь час з такім экзатычным аксесуарам на галаве.

Пэнь Шэньцы, мясцовая жыхарка: Па-першае, у моры медузы. Гэты касцюм і маска добра абараняюць. Па-другое, можна не баяцца абгарэць на сонцы. Я, напрыклад, лічу, што гэта вельмі модна.


Зараз такі маскарад тут нікога не здзіўляе. Усё дзякуючы Чжан Шыфань. 8 гадоў таму яна, у мінулым краўчыха, а цяпер уладальніца магазіна, прыдумала пляжны аксесуар, які зрабіў яе па-сапраўднаму знакамітай.

Чжан Шыфань, вынаходца маскі: 4 месяцы пайшло толькі на прататып. Першапачаткова мае маскі былі цёмнага колеру, але гэта нагадвае рабаўнікоў. Таму я вырашыла выпускаць іх у больш яркіх колерах.


Маскі разыходзяцца вялізным тыражом. І галоўнае, народнае прызнанне - іх сталі паўсюдна падрабляць. Праўда, Чжань Шыфань гэта не турбуе. Яна нават не аформіла патэнт на сваё вынаходства. Прадае маскі праз Інтэрнэт і ў магазінах спарттавараў.

Шаа Фенься, прадавец: Маска вырабленая са спандэксу. Купляюць у асноўным жанчыны ўзростам каля 50 і старэйшыя. У сезон штомесяц рэалізуецца дзесьці 700 штук. Адна маска каштуе 30 юаняў.


Зараз можна купіць маску трэцяга пакалення. Ад ранейшых яе адрознівае поўная сумяшчальнасць з акулярамі для плавання і багатая гама колераў.

Мода на пляжныя маскі пайшла з Цыньдаа проста таму, што тут жыве іх стваральніца. Зараз жа іх можна сустрэць на ўсіх кітайскіх курортах і не толькі. Напрыклад, асаблівай папулярнасцю тварэнне Чжан Шыфань карыстаецца ў Саудаўскай Аравіі. Праўда, не праз асноўнае прызначэнне, а з рэлігійных асаблівасцяў.


Неўзабаве Чжан Шыфань абяцае выпусціць на рынак сапраўды інавацыйны прадукт. Яна тэстуе асаблівую тканіну, але падрабязнасці пакуль трымае ў сакрэце. Чарговая партыя масак павінна быць гатовая да старту новага пляжнага сезона. У Цыньдаа купацца пачынаюць не раней за красавік, так што на выпрабаванні час ёсць.