Марцін Сайдзік адзначыў цяжкую сітуацыю ўздоўж лініі судакранання ў Данбасе

23 ноября 2016

Мінск гатовы забяспечыць усе ўмовы для правядзення сустрэчы кіраўнікоў МЗС "нармандскай чацвёркі", калі ўдзельнікі перагаворнага працэсу аб такой сустрэчы дамовяцца, - паведамляе прэс-служба знешнепалітычнага ведамства Беларусі.

Сёння міністр замежных спраў Германіі Франк-Вальтэр Штайнмаер заявіў, што ён сумесна з французскім калегам Жан-Маркам Эйро прапанаваў кіраўнікам МЗС Украіны і Расіі зноў сабрацца ў беларускай сталіцы. Паводле слоў Штайнмаера, неабходнасць правесці перамовы выкліканая пагаршэннем сітуацыі на Данбасе.

Аб цяжкім становішчы на ўсходзе Украіны заявіў сёння і спецпрадстаўнік АБСЕ ў трохбаковай кантактнай групе Марцін Сайдзік.

Марцін Сайдзік, спецпрадстаўнік АБСЕ ў трохбаковай кантактнай групе: "Захоўваецца напружаная сітуацыя ўздоўж лініі судакранання, у тым ліку, назіраюцца шматлікія выпадкі парушэння існуючых дамоўленасцяў, якія датычацца, у прыватнасці, рэжыму спынення агню і адводу цяжкіх узбраенняў. Большасць грамадзянскіх і ваенных страт з'яўляюцца вынікам абстрэлаў з выкарыстаннем цяжкага ўзбраення. Гэтае ўзбраенне не павінна там знаходзіцца".

Таксама бакі абмеркавалі стварэнне новых участкаў развядзення сіл і сродкаў, а таксама пытанні вызвалення затрыманых асоб - у першую чаргу хворых, параненых і непаўналетніх. Нявырашанай засталася праблема водазабеспячэння ў асобных раёнах Луганскай вобласці. У ліку станоўчых момантаў Марцін Сайдзік назваў рашэнне ўкраінскага боку павялічыць колькасць супрацоўнікаў на пунктах пропуску праз лінію размежавання. Гэта павялічыць іх прапускную здольнасць. Наступнае пасяджэнне трохбаковай кантактнай групы, як чакаецца, адбудзецца праз два тыдні.