Лондан сёння чакае ад Масквы афіцыйных растлумачэнняў па справе Сяргея Скрыпаля

13 марта 2018

Экс-палкоўніка ГРУ атруцілі нервова-паралітычным рэчывам, распрацаваным у Расіі, заявіла напярэдадні брытанскі прэм'ер. Па словах Тэрэзы Мэй, атручванне Скрыпаля было альбо прамым дзеяннем Масквы, альбо Расія страціла кантроль над рэчывам, якое валодае катастрафічным патэнцыялам. Мэй падкрэсліла, што калі Крэмль не дасць годнага даверу адказу, брытанскі ўрад прыраўняе гэта да акта незаконнага прымянення сілы супраць Злучанага Каралеўства і падрыхтуе меры ў адказ.

У Маскве абураныя абвінавачаннямі ў свой адрас па гэтай справе. Нагадаем, экс-палкоўнік ГРУ Сяргей Скрыпаль, асуджаны ў Расіі за дзяржаўную здраду, а затым памілаваны, быў знойдзены на мінулым тыдні ў гарадскім парку англійскага Солсберы разам з дачкой Юліяй у крытычным стане пад уздзеяннем нервова-паралітычнага рэчыва. Зараз яны знаходзяцца ў коме.