Каранавірус распаўсюдзіўся ўжо больш чым на 70 краін свету

5 марта 2020
290 мільёнаў навучэнцаў не ходзяць у школу з-за ўспышкі  каранавіруса. Такія звесткі  прыводзіць ЮНЕСКА, адзначаючы пры гэтым, што паказчык беспрэцэдэнтны. Ужо 10 сакавіка арганізацыя правядзе экстранную нараду міністраў адукацыі.  На сёння лік ахвяраў каранавіруса ў Кітаі перавысіў 3 тысячы, паправіліся  52 тысячы чалавек. З-за складанасці сітуацыі прыйшлося  адкласці запланаваны на красавік візіт старшыні КНР Сі Цзіньпіна ў Японію.  Працягваючы барацьбу з эпідэміяй, Кітай заяўляе аб гатоўнасці прадаставіць актыўную дапамогу краінам, якія пацярпелі ў  выніку ўспышкі каранавіруса. 

У спісе краін з пацверджанымі выпадкамі COVID-19 - ужо больш за 70 дзяржаў. Сёння яго папоўнілі Венгрыя, Славенія і Боснія і Герцагавіна. У Італіі - эпіцэнтры эпідэміі ў Еўропе - да сярэдзіны сакавіка закрылі ўсе школы і ўніверсітэты, а таксама забаранілі поціскі рукі і пацалункі пры сустрэчы. Прыклад падаюць нямецкія палітыкі. Прэм'ер-міністр Цюрынгіі не падаў рукі прадстаўніку правай партыі "Альтэрнатыва для Германіі". І справа  не толькі ў палітычных супярэчнасцях, а ў небяспечным вірусным становішчы.