Кінастудыя "Масфільм" адзначае юбілей

30 января 2019

Сёння легендарная кінастудыя "Масфільм" адзначае юбілей - 95 гадоў. За гэты час тут было знята больш чым 2 тысячы стужак, якія сталі класікай савецкага кінематографа - "Брыльянтавая рука", "Беражыся аўтамабіля". Сярод вядомых і ваенная драма "Ідзі і глядзі". Фільм створаны паводле сцэнарыя Алеся Адамовіча. Гэта сумесная работа дзвюх кінастудый: "Масфільма" і "Беларусьфільма".

Сёння "Масфільм" - гэта 16 павільёнаў, свой парк рэтрааўтамабіляў, дзе можна ўбачыць знакаміты "Ролс-Ройз" з "Няўлоўных мсціўцаў" і 21-ую "Волгу" з "Беражыся аўтамабіля". Тут захоўваецца больш за 300 тысяч касцюмаў розных часоў. У "Масфільме" ёсць нават уласная старая Масква з аптэкамі, булачнымі і брукаванымі вулачкамі.