Храналогія падзей тэракту ў піцерскім метро

3 апреля 2017

З Санкт-Пецярбурга працягвае паступаць новая інфармацыя. Да гэтага часу стала вядома, як выглядаў меркаваны злачынец. Яго фотаробат размясцілі праваахоўныя органы горада. Уся храналогія падзей - у Аляксандры Пінчук.

Выбух прагрымеў прыблізна ў 14:40, пашкодзіўшы вагон цягніка паміж станцыямі "Сянная плошча" і "Тэхналагічны інстытут" на сіняй лініі. Паводле папярэдніх звестак, выбуховае прыстасаванне, якое спрацавала, папярэдне начынілі паражаючымі элементамі. У тых, хто пацярпеў, шматлікія асколачныя раненні. Самаробнае выбуховае прыстасаванне развярнула вагон, літаральна разарваўшы яго напалову.

Начальнік упраўлення ўзаемадзеяння са СМІ Генеральнай пракуратуры Расіі Аляксандр Куранной заяўляе, што выбух у метрапалітэне Санкт-Пецярбурга з'яўляўся тэрактам. Але разглядаюцца і іншыя версіі. Паводле непацверджаных звестак, выбуховае прыстасаванне пакінулі ў вагоне ў партфелі. Усім маршрутам гарадскога транспарту Санкт-Пецярбурга даручана вазіць людзей бясплатна ў сувязі з тэрактам. Сваякам загінуўшых пры выбуху паложаны выплаты. Яны складуць прыблізна 2 мільёны рублёў. На вакзалах і іншых вузлах чыгуначнага паведамлення Санкт-Пецярбурга былі ўзмоцнены нарады транспартнай паліцыі. Улады горада таксама часова перакрылі шэраг вуліц у цэнтры. Пацярпелыя пасля выбуху дапамагалі адзін аднаму і рыхтаваліся да горшага развіцця сітуацыі. Аб гэтым распавёў адзін з відавочцаў трагедыі. Паводле слоў экспертаў, магутнасць выбуху склала 200-300 грамаў у трацілавым эквіваленце. Некалькі гадзін на станцыях, дзе прагрымелі выбухі, захоўвалася задымленне. Да месца здарэння аператыўна з'ехаліся пажарныя машыны і аўтамабілі хуткай дапамогі. Увогуле, як паведамляюць расійскія СМІ, для аказання дапамогі параненым на месца трагедыі выехалі 17 брыгад хуткай дапамогі.

Нацыянальны антытэрарыстычны камітэт Расіі афіцыйна пацвярджае, што на станцыі пецярбургскага метро "Плошча Паўстання" сёння знайшлі бомбу, якая не разарвалася. Гэта адбылося да выбуху на сіняй лініі. Самаробнае выбуховае прыстасаванне, схаванае ў вогнетушыцелі, абясшкодзілі спецыялісты. Усе профільныя ведамствы ў Пецярбургу пераведзены на работу ў экстранным рэжыме. Пецярбургскі аэрапорт Пулкава таксама ўзмацніў меры бяспекі.