Да падзей на поўдні Алжыра прыкавана зараз увага сусветных СМІ

17 января 2013
Верталёты ВПС Алжыра нанеслі ўдар па пазіцыях паўстанцаў. Інфармацыя ўвесь дзень паступае вельмі супярэчлівая. Дагэтуль незразумела колькі менавіта чалавек знаходзіліся ў заложніках - сусветныя інфармагенцтвы называюць лічбу ад некалькіх сотняў да некалькіх тысяч чалавек. І гэта не толькі мясцовыя жыхары, але і грамадзяне ЗША, Японіі і краін ЕС. Падчас спецаперацый 600 чалавек ўдалося вызваліць. 15 баевікоў забітыя, у тым ліку лідар групоўкі. У той жа час паведамляецца аб ахвярах сярод заложнікаў - загінулі 35 чалавек. Гэтыя дадзеныя пакуль не пацверджаныя на афіцыйным узроўні. Акрамя таго, тэлеканал Cкай-Ньюз літаральна гадзіну таму паведаміў пра магутны выбух на тэрыторыі газавага комплексу. У гэты момант няма дакладнай інфармацыі пра тое, што стала яго прычынай і які лёс людзей, якія застаюцца ў заложніках. Захоп заложнікаў стаў рэакцыяй на ўдзел Францыі ў ваеннай аперацыі на поўначы Малі. У якасці патрабаванняў баевікі выстаўлялі транспарт для свабоднага праезду ў Малі, а таксама настойвалі, каб замежныя войскі былі выведзеныя з гэтай краіны. Ваенная аперацыя ў Малі стала галоўнай тэмай на пасяджэнні міністраў замежных спраў Еўрасаюза ў Брусэлі. Па выніках было вырашана накіраваць на дапамогу французам у гарачы пункт еўрапейскі ваенны кантынгент - да 500 чалавек. Мэта - падрыхтоўка мясцовых узброеных сіл. Місія ў Малі разлічаная на 15 месяцаў. Бюджэт - 12 мільёнаў 300 тысяч еўра. На працягу 10-ці дзён у краіне разгорнуць і ваенны кантынгент краіны Эканамічнай супольнасці краін Заходняй Афрыкі. А ў суботу ў найбуйнейшым горадзе Кот-д'Івуара - Абіджане - ЭКАВАС збяруцца на надзвычайны саміт для абмеркавання сітуацыі ў Малі. Мясцовыя вайскоўцы пры падтрымцы французскіх праводзяць аперацыі супраць баевікоў, якія захапілі поўнач краіны.