Вынікі саміту ў Парыжы

10 декабря 2019
Абмен палоннымі да канца года і новая сустрэча ў красавіку.  Вынікі шматгадзінных перамоў у "нармандскім фармаце" ў Парыжы  сёння абмяркоўваюць усе сусветныя СМІ. Так, пакуль не атрымалася прыйсці да кампрамісу ў шэрагу важных і прынцыповых пытанняў. Але... Галоўны вынік сустрэчы відавочны ўжо зараз.  Бакі адназначна пагадзіліся рухацца ў кірунку поўнай рэалізацыі мінскіх пагадненняў. Падрабязнасці  ў Аляксандры Пінчук. 

Сустрэча ў Парыжы - першае асабістае знаёмства Пуціна з Зяленскім, якія да ўчарашняга дня мелі зносіны толькі па тэлефоне, а таксама першы саміт у "нармандскім фармаце" з 2016 года. 

Шляхам прамога дыялогу бакі  шукалі шляхі пераадолення прынцыповых рознагалоссяў. Галоўная задача - да канца года ўсталяваць паўнавартаснае перамір'е на Данбасе. Ахвярамі канфлікту за 6  гадоў сталі 13 тысяч чалавек. 

Прэзідэнт Украіны Уладзімір Зяленскі ацаніў вынік саміту як нічыю. 


Уладзімір Зяленскі, Прэзідэнт Украіны: "Я ехаў сюды дамовіцца аб абмене палоннымі "ўсіх на ўсіх". Гэта прадугледжана мінскімі пагадненнямі, але зараз мы абгаварылі тэрміны, пэўную дату. Мы спыніліся на 24 снежня. Апошні дзень гэтага месяца - крайняя дата. Я веру, што ўсё будзе выканана да канца года". 

Прэзідэнт Расіі Уладзімір Пуцін паглядзеў на сітуацыю глыбей. 

Уладзімір Пуцін, Прэзідэнт Расіі:  "Неабходна сінхранізаваць працэс дасягнення перамір'я з правядзеннем ва Украіне палітычных рэформ, якія прадугледжаныя мінскімі пагадненнямі. Па-першае, унясенне змен у Канстытуцыю, якія замацоўваюць асаблівы статус Данбаса на пастаяннай аснове. Неабходна падоўжыць пагадненне аб асаблівым статусе асобных рэгіёнаў Данбаса і надаць гэтай норме пастаянны характар, як гэта паказана ў мінскіх пагадненнях".

Абмен палоннымі закране прыкладна тры сотні чалавек. Гэта тэма стане асноўнай  ў пасяджэннях трохбаковай кантактнай групы ў Мінску на наступным тыдні. 

Арганізацыя мерапрыемства на фоне ўсеагульнай забастоўкі, якая працягваецца ў Францыі шосты дзень, пакідала жадаць лепшага. Журналістам доўга не выдавалі акрэдытацыі і рабілі гэта ў трох розных месцах. Каля сотні журналістаў не паспелі трапіць у двор палаца да прыезду прэзідэнтаў. Іх адагналі ад варот,  і яны здагадваліся, што хтосьці прыехаў толькі па гуках марша і па  картэжах кіраўнікоў дзяржаў. Wi-Fi лёг адразу. А выніковая прэс-канферэнцыя перакладалася на чатыры мовы краін - удзельніц саміту, але не на англійскую. 

Як звычайна сустрэча прыцягнула ўвагу розных рухаў. Феміністкі сустрэлі Пуціна ў сталіцы Францыі акцыяй пратэсту. 

Усе без выключэння ўдзельніцы акцыі былі затрыманыя паліцэйскімі.

У самім Кіеве за дзень да перамоў у Парыжы на Майдане сабраліся тысячы чалавек і правялі акцыю пратэсту пад лозунгам "Няма капітуляцыі!". 

Наступны саміт "нармандскай чацвёркі" адбудзецца праз чатыры  месяцы. Аб гэтым заявіў французскі прэзідэнт Эмануэль Макрон. Сустрэча на высокім узроўні можа прайсці ў Берліне.