Генпракуратура Украіны пачала расследаванне крушэння самалёта

8 января 2020
Сталі вядомыя новыя падрабязнасці крушэння ўкраінскага пасажырскага самалёта Boeing 737 у Іране, у выніку якога загінулі 177 чалавек. Бартавыя самапісцы ўжо знойдзены, зараз ідзе высвятленне ўсіх акалічнасцяў трагедыі. Грамадзян Беларусі сярод загінуўшых няма. Шэраг авіякампаній ЗША, Украіны, Расіі, Францыі, Малайзіі, Сінгапура, Казахстана змяняюць маршруты. Аблятаць гэты раён у сувязі з інцыдэнтам будзе і Белавія. Генпракуратура Украіны ўзбудзіла па факце гібелі людзей крымінальную справу. 

Раніцай украінскі борт Boeing 737, які выконваў рэйс з Тэгерана ў Кіеў, пацярпеў крушэнне недалёка ад тэгеранскага міжнароднага аэрапорта імя Імама Хамейні. Самалёт знік з радараў праз дзве хвіліны пасля ўзлёту, набраўшы вышыню ўсяго 2400 метраў. Лайнер узарваўся прама пры сутыкненні з зямлёй. Усе 177 чалавек, якія знаходзіліся на борце, загінулі. Сярод іх 11 грамадзян Украіны, 73 выхадцы з Канады, 71 грамадзянін Ірана, 8 чалавек са Швецыі, 6 грамадзян Афганістана, 4 грамадзяніны Германіі, 3 падданых Вялікабрытаніі.


Падрабязнасці авіякатастрофы ў Іране 

У гэтыя хвіліны, паводле звестак іранскіх улад, знойдзены два бартавыя самапісцы лайнера. Пра дакладныя прычыны авіякатастрофы гаварыць рана. Прадстаўнік кіраўніцтва "Міжнародных авіяліній Украіны" падкрэсліў, што самалёт быў спраўны, яго ўзрост менш за 4 гады, апошні тэхагляд праводзіўся ў панядзелак. А ўсе члены экіпажа былі вопытнымі пілотамі і мелі дастатковую колькасць лётных гадзін практыкі. У пасольстве Украіны ў Іране заявілі, што крушэнне самалёта адбылося з-за аварыі рухавіка, версія тэракта на дадзены момант выключана. Раней іранскі бок таксама аб’явіў, што тэхнічныя непаладкі ў рухавіку маглі прывесці да трагічных наступстваў. 

Эксперты адзначаюць, што з 2010 года з авіялайнерамі Boeing 737 у розных мадыфікацыях адбылося 12 катастроф. Апошнім часам кампанія адчувае цяжкасці. Дзясяткі краін адмовіліся ад выкарыстання самалётаў кампаніі.


Авіякампаніі прыпыняюць палёты над Іранам і Іракам 

У гэтыя гадзіны ратавальнікі збіраюць целы людзей на тэрыторыі каля двух гектараў, каб перадаць іх судмедэкспертам. Паводле іх слоў, апазнаць астанкі не ўяўляецца магчымым. Паветраную прастору над Іракам і Іранам не рэкамендавана перасякаць амерыканскім і расійскім авіякампаніям. Аб прыпыненні палётаў паведамілі адразу некалькі вядучых авіякампаній.