З перамогай Уладзіміра Зяленскага павіншаваў Прэзідэнт Беларусі

22 апреля 2019

Ва Украіне ўпэўненую перамогу ў другім туры прэзідэнцкіх выбараў атрымлівае Уладзімір Зяленскі, які пасля апрацоўкі 99 працэнтаў пратаколаў набірае 73,21 % галасоў. З перамогай Уладзіміра Зяленскага павіншаваў Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка. "З задавальненнем адзначаю, што падмуркам адносін паміж нашымі краінамі традыцыйна з'яўляюцца загартаваныя сумеснай гісторыяй братэрскія сувязі беларусаў і ўкраінцаў. Пацвярджаю, Беларусь заўсёды была і застанецца для Украіны прадказальным партнёрам, надзейным суседам і добрым сябрам", - гаворыцца ў віншаванні. Кіраўнік дзяржавы выказаў перакананне, што сумесныя высілкі дазволяць захаваць на доўгі час і паглыбіць пазітыўную дынаміку двухбаковага супрацоўніцтва, а дзейнасць Уладзіміра Зяленскага ў якасці кіраўніка дзяржавы будзе спрыяць росквіту Украіны, устанаўленню міру і грамадзянскай згоды.

Вынік Зяленскага пабіў гістарычны рэкорд падтрымкі выбаршчыкаў. Ужо прагучалі і заявы пра першыя крокі на пасадзе кіраўніка дзяржавы. У прыватнасці, Зяленскі мае намер працягваць мінскі працэс па Данбасе. 

Уладзімір Зяленскі, новаабраны прэзідэнт Украіны: "Мы будзем дзейнічаць у любым выпадку ў "нармандскім фармаце". Мы працягнем мінскі працэс. Мы яго перазагрузім. Думаю, у нас адбудуцца кадравыя замены. У любым выпадку, мы будзем працягваць мінскі кірунак і ісці да канца, каб спыніць агонь". 

Дзеючы кіраўнік дзяржавы Пётр Парашэнка набраў галасоў утрая менш - 24,46 % - і ўжо прызнаў сваё паражэнне. Аднак сыходзіць з палітыкі не збіраецца. 

Пётр Парашэнка, прэзідэнт Украіны: "Як адзін з ключавых палітычных лідараў ва Украіне я буду працягваць служыць краіне і прасоўваць парадак дня, які датычыцца далучэння да ЕС, НАТА, які закранае дэцэнтралізацыю, барацьбу з карупцыяй. Пры любых акалічнасцях, на любой палітычнай пазіцыі я буду рабіць усё, што ад мяне залежыць, каб Украіна не мяняла свой курс".

Паволе звестак ЦВК Украіны, яўка выбаршчыкаў на галасаванні па краіне склала 61 працэнт. Ужо ўвосень чакаюцца выбары ва ўкраінскі парламент. А партыя "Блок Пятра Парашэнкі" мае самую вялікую фракцыю ў Вярхоўнай радзе.