Эдвард Сноўдэн - ізноў тэма нумар адзін сусветных СМІ

2 августа 2013
Напярэдадні федэральная міграцыйная служба Расіі выдала выкрывальніку дакумент аб прадастаўленні часовага прыстанішча. Рэакцыя ЗША не прымусіла сябе чакаць.

Што думаюць амерыканскія чыноўнікі і дзе зараз сам Сноўдэн, у рэпартажы Вольгі Давідовіч.

Вось ужо больш за месяц вакол персоны Эдварда Сноўдэна - выкрывальніка амерыканскіх спецслужб - ідуць неабыякія міжнародныя баталіі. Рашэнне расійскіх міграцыйных чыноўнікаў - аб прадастаўленні Сноўдэну часовага прыстанішча - выклікала буру абурэння ў ЗША. Белы дом адрэагаваў настолькі хутка, наколькі дазволіла розніца ў часе.


Джэй Карні, прэс-сакратар Белага дома: Мы глыбока расчараваныя, што расійскі ўрад распачаў такія крокі ў адказ на вельмі ясныя і законныя патрабаванні з нашага боку, выяўленыя публічна і прыватна, выслаць спадара Сноўдэна і вярнуць яго ў ЗША. Гэты крок расійскага ўрада падрывае доўгую традыцыю супрацоўніцтва ў праваахоўнай галіне, якое ажывілася пасля тэрактаў на марафоне ў Бостане.

Кангрэс таксама абураны: сенатар Джон Макейн назваў прадасталенне прыстанішча Сноўдэну аплявухай усім амерыканцам і заклікаў фундаментальна перагледзець адносіны з Масквой. Іншыя рэспубліканцы патрэбавалі санкцыі і жорсткага адказу. Прапанавалі нават перанесці саміт G20 у іншую краіну.

Джон Беінер, спікер Палаты прадстаўнікоў Кангрэса ЗША: Дзеянні містэра Сноўдэна перашкодзілі нам у абароне нашых грамадзян. І я спадзяюся, што прэзідэнт Абама ўзніме гэтае пытанне ў зносінах з прэзідэнтам Пуціным і ўладзіць яго ў інтарэсах амерыканскіх грамадзян любым зручным яму спосабам.

Але не падобна, што Барак Абама і Уладзімір Пуцін будуць абмяркоўваць гэтае пытанне адзін на адзін. Белы дом зараз вырашае, ці будзе ў прэзідэнтаў запланаваная раней на верасень двухбаковая сустрэча ў расійскай сталіцы. Рэакцыю на прадастаўленне прыстанішча Сноўдэну амерыканскія журналісты паспрабавалі даведацца непасрэдна ў прэзідэнта ЗША. Пытанне было зададзена ў Вашынгтоне падчас сустрэчы Абамы з яго еменскім калегам. Аднак кіраўнік Белага дома ад адказу ўхіліўся, сказаўшы: Усім дзякуй. Расія ж прэтэнзій Амерыкі не разумее. У Крамлі заявілі, што гэта сітуацыя з'яўляецца малаважнай і не павінна ўплываць на палітычныя адносіны дзвюх краін.

Дзе зараз сам Сноўдэн - невядома. Напярэдадні ён таемна пакінуў транзітную зону Шарамецьева, дзе правёў 39 дзён. Выдадзены выкрывальніку дакумент ФМС сведчыць, што Сноўдэн можа заставацца ў Расіі да 31 ліпеня 2014 года.

Анатоль Кучарэна, адвакат: Што да месца жыхарства, то ён сам будзе яго выбіраць. Ён можа жыць як у гасцініцы, так і наймаць кватэру, таму ў сувязі з тым, што ён з'яўляецца самым праследуемым чалавекам на зямлі, ён будзе займацца, у тым ліку, і пытаннямі бяспекі.

З'ехаўшы з аэрапорта, Сноўдэн падзякаваў расійскім уладам за дапамогу - афіцыйны сайт WikiLeaks размясціў яго заяву. Чакаецца, што ў найбліжэйшы час Сноўдэн выкажацца на тэму суда над сваім папярэднікам Брэдлі Мэнінгам, якому пагражае 136 гадоў турмы. Па меркаванні праваабаронцаў, Сноўдэна ў ЗША чакае той жа лёс. Зрэшты, выдаваць яго Расія не збіраецца - прадастаўленне часовага прыстанішча робіць дэпартацыю немагчымай