Колькасць ахвяр разбуральнага землетрасення ў Іране дасягнула ўжо 530 чалавек

14 ноября 2017

Працягвае расці і колькасць пацярпелых. На гэты момант гэта больш як 7 тысяч 800 чалавек. У краіне абвешчана трохдзённая жалоба. Падземныя штуршкі магнітудай 7,2 адбыліся ў нядзелю на поўначным усходзе ад Багдада і на захадзе іранскага горада Керманшах. Сёння найбольш пацярпелую правінцыю наведаў Прэзідэнт Ірана.

Хасан Раўхані, Прэзідэнт Ірана: "Мой прыезд сюды звязаны з жудаснай катастрофай, сапраўднай трагедыяй. Я спадзяюся, што, калі прыеду сюды наступны раз, ваша жыццё будзе спакойным і шчаслівым. Вы ўстойлівыя і адважныя, самае каштоўнае, што ёсць у нашай краіны. Я гарантую ўсім, хто перажыў гэтую бяду, урад вырашыць усе праблемы за самыя кароткія тэрміны". 

Землетрасенне назвалі самым смяротным сёлета. Падземнымі ўдарамі ў Іране пашкоджана вялізная колькасць будынкаў, у тым ліку мноства гістарычных помнікаў. Падземныя штуршкі адчуваліся і ў іншых краінах, у тым ліку Ізраілі, Кувейце, Аб'яднаных Арабскіх Эміратах.