Брытанская аналітычная кампанія ў цэнтры гучнага скандалу

20 марта 2018

Журналісты высветлілі, што фірма “Кембрыдж Аналітыка» ўмяшалася ў ход больш як 200 выбараў па ўсім свеце. Сярод іх такія краіны, як Нігерыя, Кенія, Чэхія і Аргенціна. Рэпарцёр Чацвёртага брытанскага тэлеканала пад выглядам чалавека, які хоча паўплываць на вынікі галасавання ў Шры-Ланка, некалькі месяцаў вёў таемную здымку гутарак з дырэктарам і супрацоўнікамі “Кембрыдж Аналітыка». Працаўнікі распавялі пра свае дасягненні і метады ўплыву на кандыдатаў - гэта хабары і паклёп у Інтэрнэце. Прадстаўнік кампаніі не адмаўляе, што сустрэчы з журналістам былі, аднак настойвае на няправільным тлумачэнні слоў супрацоўнікаў.

Нагадаем, раней праз скандал з гэтай аналітычнай кампаніяй заснавальнік “Фэйсбука” Марк Цукерберг страціў больш за шэсць мільярдаў долараў. Падчас перадвыбарнай кампаніі ў ЗША “Кембрыдж Аналітыка» ўдалося сабраць асабістыя звесткі больш як 50 мільёнаў карыстальнікаў сацсеткі. На іх аснове быў створаны алгарытм аналізу палітычных пераваг. Яго фірма выкарыстала для рассылкі адпаведнай рэкламы і ўплыву на рашэнне выбаршчыкаў.