Больш за мільён канадцаў засталіся без электрычнасці

23 декабря 2013

З сусветных навін сёння больш за іншыя звярнула на сябе ўвагу надвор'е ў Паўночнай Амерыцы. Больш за мільён канадцаў і амерыканцаў засталіся без электрычнасці з-за ледзянога дажджу, які абрынуўся на ўсход кантынента. Некаторыя рэгіёны пакутуюць ад непагадзі другія суткі. Увогуле ахвярамі ледзяной стыхіі ўжо сталі каля 20 чалавек. Толькі ўявіце: аэрапорты зачыненыя, дарогі ператварыліся ў каткі, на поўдні - паводкі, ледзяныя буры - на поўначы. Аб сустрэчы Ражства ў экстрэмальных умовах рэпартаж Юрыя Казлова.


Такія ўспышкі святла назіралі жыхары ўсёй усходняй часткі Канады. Ледзяны дождж, які ў некаторых рэгіёнах краіны ідзе ўжо двое сутак, вывеў са строю трансфарматары і прывёў да абрыву ліній электраперадачы. Напярэдадні Ражства без святла засталіся жыхары правінцый Антарыа, Квебек, Нью-Брансуік - усяго каля паўмільёна чалавек. І сустракаць святы частцы канадцаў, хутчэй за ўсё, прыйдзецца пры свечках. Як паведамляюць мясцовыя ўлады, аднавіць электразабеспячэнне атрымаецца толькі праз некалькі дзён.


Паводле слоў скандальна вядомага мэра Таронта Роба Форда, такога шторму краіна не бачыла 15 гадоў. Горадакіраўнік параўнаў буянства стыхіі з ледзяным штормам 1998-га года. Тады загінулі больш як 20 чалавек. Тры мільёны засталіся без электрычнасці.


Роб Форд, мэр г. Таронта: Два шпіталі Таронта застаюцца без электрычнасці. Аб іх мы павінны паклапаціцца ў першую чаргу. Мы таксама рэкамендуем жыхарам трымацца далей ад абарваных правадоў.


З-за ледзянога дажджу дарогі ператварыліся ў каткі. Паведамляецца аб дзясятках ДТЗ, у якіх загінулі мінімум пяць чалавек. У некаторых раёнах краіны прыпынены рух грамадскага транспарту і цягнікоў. Не пашанцавала і людзям, якія ў гэтыя дні вырашылі адправіцца на калядныя канікулы за мяжу. У найбуйнейшых аэрапортах Канады - Атаве, Таронта, Манрэалі, Галіфаксе - адмененыя тысячы авіярэйсаў.


Ад ледзянога дажджу і снежных бур пацярпеў і ўсход ЗША. У Мічыгане без святла засталіся 400 тысяч дамоў. Па Арканзасе і Луізіяне ў дадатак стукнулі магутныя тарнада. Загінулі тры чалавекі. Дарэчы, за мінулыя суткі надвор'е ў Злучаных Штатах не раз здзівіла экспертаў - паводкі на поўдні, ледзяныя буры на поўначы і рэкордныя для канца снежня плюс 20 у Нью-Ёрку і іншых сярэднеатлантычных штатах.


А вось у Старым Свеце дыхання зімы не адчуваецца. Плюсавая тэмпература ўстанавілася ад Вялікабрытаніі да Украіны. Праўда, такому раскладу еўрапейцы не рады. На дарогах туман і галалёд. Аўтаінспектары рэкамендуюць вадзіцелям праяўляць на дарогах павышаную ўвагу. Тым не менш, лік аварый расце. Найбуйнейшае за мінулыя суткі ДТЗ зафіксавана ў Румыніі. У павеце Алба з-за абледзянення трасы сутыкнуліся адразу 40 аўтамабіляў. Усе машыны атрымалі пашкоджанні, 5 чалавек дастаўленыя ў шпіталь.