Амерыка заблакавала праект гуманітарнай рэзалюцыі для Блізкага Усходу

9 декабря 2023

Злучаныя Штаты прымянілі права вета ў Савеце Бяспекі ААН і заблакавалі падрыхтаваны ААЭ праект гуманітарнай рэзалюцыі. У ім змяшчаецца  патрабаванне аб неадкладным спыненні агню ў зоне палесціна-ізраільскага канфлікту. За рэзалюцыю прагаласавалі 13 з 15 членаў Савета Бяспекі. Вялікабрытанія ўстрымалася.

Тым часам баявыя дзеянні працягваюцца і набываюць адценні псіхалагічнай вайны. ЦАХАЛ аб'явіў, што пры спробе выратаваць заложніка мінулай ноччу былі паранены два салдаты. У ХАМАС жа запэўніваюць, што пры спробе ізраільцян вызваліць заложніка  загінуў і сам заложнік, і яшчэ некалькі салдат. Таксама ў Тэль-Авіве аб'явілі, што за апошнія два дні вайскоўцы ўзялі ў палон  больш чым 200 чалавек - меркаваных членаў ХАМАС. На жаль, не абыходзіцца без ахвяр сярод мірнага насельніцтва.

Паводле інфармацыі  "Аль-Джазіра", за мінулыя суткі былі забіты 310 палесцінцаў. Да таго ж пасля ўдару ізраільскіх ВПС у сектары Газа разбурана Вялікая мячэць, якая была ўзведзена яшчэ ў V стагоддзі. Шакіруе і іншая статыстыка: сёлета ў свеце забіты 94 журналісты, з іх 68 у выніку ўдараў Ізраіля ў Газе. Такія лічбы прыводзіць Міжнародная федэрацыя журналістаў.