22 сакавіка назаўжды стане жалобнай датай для брытанскай сталіцы

23 марта 2017

Напярэдадні 22 сакавіка ўшанавалі памяць загінуўшых ад тэрарыстычных атак у Бруселі. Але зараз гэты дзень назаўжды стане жалобным і для Лондана. Адказнасць за тэракт ля будынка брытанскага парламента ўзяла на сябе тэрарыстычная групоўка "Ісламская дзяржава". 4 чалавекі загінулі, параненыя 40. Тэрарыст ліквідаваны.

Асоба злачынца ўстаноўленая. Яго імя - Халід Масуд. Вядома, што ў поле зроку разведслужбаў праз экстрэмісцкую дзейнасць ён трапляў яшчэ некалькі гадоў таму.

Члены брытанскага парламента, паліцыя Лондана сёння раніцай без адтэрміновак пачалі працу, але гэтая раніца асаблівая - поўная ўзрушэння і скрухі.

Тэрэза Мэй, прэм'ер-міністр Вялікабрытаніі: "Дазвольце мне выказаць спачуванні загінуўшым і пацярпелым пры тэракце. Я таксама хачу падзякаваць супрацоўнікам паліцыі і экстранных службаў, якія працавалі на месцы злачынства, ад імя ўсёй краіны за тое, што яны робяць, каб супакоіць грамадскасць і гарантаваць бяспеку на вуліцах нашай сталіцы".

Крывавая тэрарыстычная атака адбылася ў самым сэрцы Злучанага Каралеўства - Вестмінстэрскім абацтве, гістарычным сімвале Брытаніі. Тут заўсёды шматлюдна. Але сёння сюды сцягнутыя нябачаныя сілы паліцыі. Жыццё замерла: ачэпленыя будынак парламента і рэзідэнцыя прэм'ер-міністра, спынілася кола агляду.

Паднімаць узровень тэрарыстычнай пагрозы ў Лондане ўлады намер не маюць: людзі не павінны баяцца тых, чые злачынныя подлыя дзеянні маюць за мэту запалохванне і распаўсюджванне панікі. Але настрой ва ўсіх без выключэння прыгнечаны.

Шармейн Форэстэр, медсястра шпіталя Святога Томаса: "Балюча і смутна за тых, хто загінуў, за тых, хто атрымаў раненні. Гэта так недарэчна. Я бачыла ўчора гэтых пацярпелых, яны такія бездапаможныя. І ўсе мае калегі проста прыгнечаныя".

Почырк злачынца супадае з дзеяннямі забойцы ў Ніцы, які на 19-тонавым грузавіку ўрэзаўся ў натоўп людзей. Тады загінулі 86 чалавек.

Тут невялікі арандаваны недарожнік заехаў на тратуар моста - ён ехаў зігзагамі, пераследваў пешаходаў, якія нічога не разумелі. Людзі крычалі пад коламі забойцы. Адна з жанчын спрабавала адхінуцца ад недарожніка і патрапіла пад колы аўтобуса, які праязджаў побач. Яшчэ адна скокнула з моста ў раку, яна выжыла. Мужчына, пераскочыўшы праз агароджу моста, зваліўся не ў ваду, а на набярэжную і разбіўся.

"На свае вочы я бачыў, дзесьці пяць чалавек ляжалі на зямлі. Ніхто не зразумеў, што адбываецца. Ён рухаўся зігзагамі, усё адбылося вельмі хутка, прыкладна за 10 секунд".

"Мы былі на мосце. Нам здалося, што мы пачулі стрэлы, павярнуліся і ўбачылі аўтамабіль, які ўрэзаўся ў жанчыну. Я думаю, што гэта была жанчына, ну, я не на 100 працэнтаў упэўненая. І я чула яе крыкі. І тады мы зноў пачулі стрэлы і павярнуліся, на зямлі былі целы".

Аўтамабіль даехаў да будынка парламента і ўрэзаўся ў бардзюр. Падаспела паліцыя. Аднаго з бяззбройных вартавых парадку зламыснік двойчы паспеў ударыць 20-сантыметровым нажом. 48-гадовы Кіт Палмер, які праслужыў у паліцыі 15 гадоў, памёр.

Злачынца кулі нагналі - яго спрабавалі рэанімаваць, але свае злачынныя сакрэты ён ужо не выдасць.

Марк Роўлі, кіраўнік антытэрарыстычнага падраздзялення паліцыі г. Лондана: "Паліцыі вядомая асоба тэрарыста. Аднак пакуль рана зваць яго імя. Ідзе расследаванне, і спецслужбы зараз спрабуюць выявіць звязаных з ім людзей, а таксама магчымых саўдзельнікаў. Усё, што адбылося, зафіксавалі камеры назірання".

Вядома, што ён быў брытанцам і дзейнічаў у адзіночку. Як пацвердзіла Тэрэза Мэй, забойца трапляў у поле зроку разведслужбаў праз экстрэмісцкую дзейнасць яшчэ некалькі гадоў таму. Пад цяперашняй акцыяй падпісалася "Ісламская дзяржава". Паводле апошніх звестак, паліцыяй затрыманыя восем падазроных. Гатовасць дапамагчы ў далейшым расследаванні выказалі ЗША, Германія, Францыя, Іспанія, Бельгія.

22 сакавіка ў Бруселі ўспаміналі загінуўшых у леташніх тэрарыстычных атаках. Ахвярамі нападаў і выбухаў сталі звыш 30 чалавек, больш за 320 пацярпелі. Адказнасць узялі на сябе таксама баевікі "Ісламскай дзяржавы".

Франц Тымерманс, першы віцэ-старшыня Еўракамісіі: "Вы ведаеце, як сказаў Марцін Лютэр Кінг: "Нянавісцю ніколі не перамагчы нянавісць, толькі любоўю можна выцесніць нянавісць". Калі мы будзем памятаць пра загінуўшых і пацярпелых год таму, гэта лепшая дапамога..."