Па самыя свежыя навіны. Дэлегацыя Белтэлерадыёкампаніі адпраўляецца ў Пхёнчхан

6 февраля 2018

Усяго два дні застаецца да галоўнай спартыўнай падзеі года. У пятніцу ў Пхёнчхане адбудзецца ўрачыстае адкрыццё зімовай Алімпіяды. У гэтыя хвіліны ў Карэю адпраўляецца дэлегацыя Белтэлерадыёкампаніі. Праводзіць калег Крысціна Камыш.

У Карэю ляціць дэлегацыя з 21 спецыяліста. Гэта карэспандэнты, аператары, відэаінжынеры і каментатары.

Адзначу, што ў Пхёнчхане ўжо працуюць 7 супрацоўнікаў Белтэлерадыёкампаніі. Яны рыхтуюць рэпартажы ў выпускі навін, а таксама студыю для традыцыйных "Дзённікаў Алімпіяды". Праграма стартуе ў эфіры "Беларусь 1" 9 лютага. А вось трансляваць самі спаборніцтва будуць адразу тры тэлеканалы медыяхолдынга.

Усе журналісты будуць прыкладаць максімум намаганняў, каб як мага ярчэй асвятліць галоўны старт чатырохгоддзя. Для каментатара Уладзіміра Навіцкага гэтая Алімпіяда стане дванаццатай у кар'еры. Згадзіцеся, вялікі вопыт!

Для кагосьці гэта першыя Гульні, як, напрыклад, для вядучага навін Яўгена Перліна.

Ляцець калегі будуць па маршруце Мінск - Масква - Сеул. Потым на цягніку да ўзбярэжнага кластара Канына. І затым 30 кіламетраў на шатле да алімпійскай вёскі. Прыбыццё запланавана на пяць гадзін вечара 7 лютага. Часу на адпачынак, сон або акліматызацыю не будзе, бо ўжо ў 19:00 стартуе рэпетыцыя цырымоніі адкрыцця, на якую ў нашых журналістаў ёсць доступ. Так што жадаем калегам сіл і лёгкай дарогі.