Юрый Голуб пасля двух сярэбраных медалёў у Пхёнчхане заваяваў золата

13 марта 2018

Ні дня без медаля! І зноў золата! Нашы спартсмены на Паралімпійскіх гульнях у Карэі не перастаюць здзіўляць і радаваць балельшчыкаў сваімі проста фантастычнымі вынікамі. Юрый Голуб пасля двух сярэбраных медалёў у Пхёнчхане сёння ў біятлоннай гонцы заваяваў золата. Спартсмена павіншаваў Прэзідэнт. Аляксандр Лукашэнка ўпэўнены, што "гэты поспех - далёка не мяжа спартыўных амбіцый маладога атлета з Глуска, яго яшчэ не раз убачаць на п'едэстале гонару". Ужо заўтра Юрый Голуб выйдзе на старт лыжнага спрынту, які з'яўляецца адной з самых любімых яго дысцыплін. Поспеху ўсім нашым спартсменам! Дарэчы, Беларусь у медальным заліку ўжо паднялася на 8 месца.

Андрэй Казлоў аб прыемных падзеях у алімпійскім Пхёнчхане і шчаслівых лічбах.

Асаблівасцю Паралімпійскіх гульняў заўсёды была і ёсць сапраўды вельмі душэўная абстаноўка. А калі на п'едэстал трапляюць нашы, беларускія атлеты, то канцэнтрацыя дабрыні і пазітыву перасягае ўсе межы.

Але гэта быў урачысты момант. Раней у гэты ж дзень на трасе ў Альпензіі, дзе яшчэ не так даўно золата заваёўваў наш выдатны квартэт, была сапраўдная барацьба. На фінішы менавіта наш спартсмен Юрый Голуб быў першым у біятлоннай гонцы на 12 з паловай кіламетраў сярод атлетаў з парушэннямі зроку.

У шматлікіх дысцыплінах на Паралімпійскіх гульнях важна і плячо напарніка. Побач з Юрыем Голубам на працягу ўсёй дыстанцыі побач быў Дзмітрый Будзіловіч, які вёў спартсмена па трасе. Вельмі важна, што на медальнай цырымоніі раўназначна адзначаюць унёсак кожнага, хто прыклаў руку да перамогі.

Гімн Беларусі ў Паўднёвай Карэі сёння гучаў двойчы. Яшчэ раней прыгажуня-спартсменка Святлана Саханенка атрымала залаты медаль за перамогу ў лыжнай гонцы на 15 кіламетраў вольным стылем сярод спартсменак з парушэннем зроку. Паралімпійскія гульні ў Пхёнчхане ўжо значна перасягнулі нашу медальную скарбонку на Гульнях у Сочы. Тады былі тры бронзавыя ўзнагароды. У Паўднёвай Карэі ўжо 7 медалёў, хоць спаборніцтвы прадоўжацца да канца тыдня.