Беларускі цуд на кортах Пекіна. Новая перамога ў калекцыі Арыны Соболенко

4 октября 2018

Беларускі цуд на кортах Пекіна. Арына Сабаленка працягвае сваё трыумфальнае шэсце яшчэ да аднаго тытула.

І спыніць беларускую тэнісістку сёння не змагла нават зараз ужо экс-чэмпіёнка турніру Каралін Гарсія. А спачатку ўсё складвалася не на карысць Арыны. Выйграючы 5:2, францужанка была за адзін гейм ад перамогі. Але Арына, узяўшы волю ў кулак, зраўняла лік. Балельшчыкі з заміраннем сачылі за напалам страсцей на корце. Аднак, нягледзячы на роўную гульню, Сабаленцы далей ледзь-ледзь не хапіла. Беларуска саступае ў першым сэце 5:7.

Атрымаўшы перавагу ў ліку, Гарсія ўпэўнена пачала і другі сэт. Усё развівалася па плане францужанкі, Сабаленка на старце саступала ўжо 0:3. Драматызм моманту дасягнуў свайго напалу. Патрэбен быў тактычны ход. І Арына заклікае на дапамогу трэнера Дзмітрыя Турсунава, які не раз псіхалагічна выцягваў сваю падапечную з самых няпростых сітуацый.

І трэба ведаць нашу Арыну! Словы Турсунава плюс упэўненасць у далейшых дзеяннях, жалезны няўступлівы характар зрабілі сваю справу. Беларуска здзейсніла неверагоднае, прадэманстраваўшы ўсю сілу волі і імкненне перамагчы, яна зноў вярнулася ў гульню. Але гэтым разам здолела пераламаць ход сустрэчы і на тайбрэйку ўпэўнена выйграла другі сэт.

Да такога псіхалагічна Гарсія гатовая не была і аддала трэцюю - вырашальную - партыю пад нуль. Наша Арына Сабаленка, праведучы неверагодны па напале паядынак супраць восьмай ракеткі свету, выходзіць у чвэрцьфінал турніру ў Пекіне.

Улічваючы, што гэтая захапляльная гульня трансліраваліся ў дзённы час на "Беларусь 5" і не ўсе аматары тэніса змаглі яе паглядзець, "Беларусь 1" пакажа матч у запісе сёння адразу пасля праграмы "Панарама". Адзначу, за выхад у паўфінал беларуска згуляе супраць уладальніцы "ўайлд кард" - кітаянкі Ван Цян, якая паднесла сенсацыю, абгуляўшы сёмую ракетку свету Караліну Плішкаву. Матч за выхад у паўфінал пачнецца заўтра арыенціровачна ў 16:00. Прамую трансляцыю глядзіце на "Беларусь 5".