Упершыню ў гісторыі залатыя медалі Вышэйшай лігі заваявала "Дынама-Брэст"

25 ноября 2019
Напярэдадні вырашылася  галоўная футбольная інтрыга чэмпіянату Беларусі. Упершыню ў гісторыі - залатыя медалі Вышэйшай лігі заваявала "Дынама-Брэст" - адваяваўшы тытул у барысаўскага БАТЭ.

У 29-м туры брэстаўчане прымалі "Віцебск". Каб датэрмінова заваяваць званне,  неабходна было перамагаць "паўночнікаў". Лік  быў адкрыты на 38-й хвіліне.  І гэты адзіны ў матчы гол  стаў "чэмпіёнскім". Вызначыўся  Аляксей Хабленка. За адзін тур да фінішу  Брэст стаў недасягальным для БАТЭ. Дарэчы,  барысаўчане напярэдадні перамаглі мінскае "Дынама"  3:0. Па выніках сезона - у  жоўта-сініх -  сярэбраныя медалі.

З гістарычным поспехам  калектыў футбольнага клуба "Дынама-Брэст" павіншаваў Кіраўнік дзяржавы. Аляксандр Лукашэнка пажадаў камандзе не змяншаць абаротаў   і гучна заявіць аб сабе на еўрапейскім узроўні. Не застаўся ў баку ад трыумфу  і ганаровы старшыня футбольнага клуба  Дыега Марадона. "Я вельмі рады павіншаваць гульцоў, балельшчыкаў, менеджараў і трэнерскі штаб "Дынама-Брэст" - з сённяшнім першынством у беларускай лізе", - напісаў знакаміты аргенцінец у сваім Instagram, завяршыўшы свой зварот фразай на рускай мове: “Мои поздравления!".

Такім чынам, Брэст стаў 8-м горадам-чэмпіёнам краіны па футболе. Нагадаем, у дэбютным першынстве Беларусі  не было роўных сталічнаму "Дынама". Затым чэмпіёнскі кубак бываў у Мазыры, Магілёве, Бабруйску, Гомелі, Салігорску. На працягу 15-ці сезонаў - кубак даставаўся барысаўскаму БАТЭ. Бягучы чэмпіянат яшчэ не завершаны - апошнія гульні першынства пройдуць 1 снежня.