Увага беларускіх балельшчыкаў сёння будзе прыкавана да біятлоннага стадыёна "Альпенсія"

20 февраля 2018

Увага беларускіх балельшчыкаў сёння будзе прыкавана да біятлоннага стадыёна "Альпенсія" ў алімпійскім Пхёнчхане. Тут пройдзе змяшаная эстафета. Беларусь прадставяць Надзея Скардзіна, Дар'я Домрачава, Сяргей Бачарнікаў і Уладзімір Чапелін. У 14:10 па мінскім часе гонку ў прамым эфіры пакажа "Беларусь 5". З падрабязнасцямі - наш карэспандэнт Ганна Эйсмант.

11-ы спаборніцкі дзень на зімовай Алімпіядзе ў Пхёнчхане пройдзе для нас пад знакам біятлона - на сёння прызначаная змяшаная эстафета. І перад гонкай каментарый даў старшы трэнер зборнай Беларусі Юрый Альберс.

На біятлонны стадыён "Альпенсія" выйдзе наймацнейшы склад зборнай Беларусі.

Гэта будзе ўжо 9-я гонка - па чатыры правялі мужчыны і жанчыны. Зразумела, што назапасілася і фізічная, і псіхалагічная стомленасць, бо біятлонныя спаборніцтвы ў Пхёнчхане - адны з самых працяглых у алімпійскай праграме. Мы спыталі, можа быць, трэнерскі штаб хацеў бы даць адпачыць сярэбранаму прызёру Дар'і Домрачавай, аднак Юрый Юр'евіч засведчыў, што Дар'я сама вырашыла, што абавязкова пабяжыць эстафету.

У нашых біятланістаў у Пхёнчхане пакуль слабое звяно - стральба, і менавіта на гэта звяртаюць асноўную ўвагу на трэніроўках.

Гонка абяцае стаць вельмі відовішчнай. Вядомы расійскі каментатар Дзмітрый Губерніеў лічыць, што тон у змяшанай эстафеце зададуць менавіта жанчыны.

А ўчора ў спаборніцтвах канькабежцаў наш Ігнат Галавацюк фінішаваў 22-м на дыстанцыі 500 метраў. Зазначым, гэта не яго профільная дысцыпліна, асноўную

стаўку Ігнат робіць на дыстанцыю тысяча метраў, фінал прызначаны на 23 лютага.

Усе самыя значныя алімпійскія спаборніцтвы глядзіце на каналах Белтэлерадыёкампаніі.