Вікторыя Азаранка вяртаецца на корт

19 июня 2017

Знамянальная для сусветнага тэніса падзея адбудзецца на турніры катэгорыі Інтэрнейшнл у Мальёрцы. Экс першая ракетка свету вырашыла не зацягваць паўзу, звязаную з нараджэннем сына, і зноў ірвецца ў бой. Мы жадаем Вікторыі поспехаў і новых яркіх перамог. Ну, а хто стане першай саперніцай беларускі, раскажа Алена Гарэльчык.

Яна вырашыла вярнуцца раней за запланаваны тэрмін, таму што ведае: яна гатовая. Каб адчуць сябе ў гульні, не стала чакаць Уімблдона, а выбрала травяныя корты Мальёркі.

Азаранка на корце ў Парыжы і ў Мінску. За перамяшчэннямі тэнісісткі няцяжка сачыць. Яна распавядае пра сябе сама. У сацсетках. Новая каманда і новая Вікторыя. Пачатку новага этапа ў кар'еры зачакаліся яе балельшчыкі па ўсім свеце.

Заўтрашні матч для Азаранкі стане першым з леташняга "Ралан Гарос". Два гады Вікторыя не гуляла на траве. Яна ніколі раней не выступала на Мальёрцы. Але за выдатнай фізічнай формай і жаданнем быць у гульні стаіць нешта яшчэ - асабістае.

Для балельшчыкаў - некалі першая ракетка свету, якая гатова вярнуцца на вяршыню, для дзіцяці на руках - проста мама.

"Мой шчаслівы вугалок там, дзе блізкія" - яшчэ адзін подпіс да фота. Уся сям'я Азаранкі сёння побач з ёй, на Мальёрцы.

Пераможца першага раўнда заробіць у рэйтынг 1 бал. Але гэта не тыя лічбы, да якіх прывыкла Вікторыя. Фіналістка дадасць 180 ачкоў, уладальніца тытула - 280.

Аб вяртанні Азаранкі сёння гавораць усе тэнісныя СМІ, іспанскае тэлебачанне прысвячае цэлыя выпускі. Арганізатары Mallorca Open адвялі для гэтага матча цэнтральны корт.

Сустрэча першага круга Вікторыя Азаранка - Рыса Адзакі стартуе заўтра апошнім запускам. Час пачатку - не раней за восем гадзін вечара. Трансляцыю з Мальёркі будзе весці тэлеканал "Беларусь 5".