Апошнім часам нашы хакеісты не даюць падстаў для радасці

22 октября 2018

Свой летапіс антырэкордаў працягваюць пісаць беларускія хакеісты. На жаль. Лёгка гаварыць пра перамогі. Больш складана пра паражэнні. Але такая тэндэнцыя. Апошнім часам нашы хакеісты не даюць падстаў для радасці. Упершыню за 14 гадоў зборная вылецела з элітнага дывізіёна чэмпіянатаў свету. Зусім нядаўна завяршылі сваё выступленне ў хакейнай Лізе чэмпіёнаў мінскае "Юнацтва" і гродзенскі "Нёман". Каманды Захарава і Пушкова змагаліся на групавым этапе турніру, але выйсці ў плэй-оф не здолелі. А базавы клуб зборнай Беларусі - "Дынама-Мінск" - здзіўляе "стабільнасцю". Сёння "зубры" ў чарговым матчы сезона КХЛ саступілі казахстанскаму "Барысу". Бела-сінія паўтарылі ўласны антырэкорд - 9 паражэнняў запар. За 20 матчаў толькі 4 перамогі.

Крысціна Камыш ужо пачула выбачэнні беларускіх хакеістаў за гульню.

Хакейнае мінскае "Дынама" тры гады таму стала другім клубам у Еўропе пасля швейцарскага "Берна" па наведвальнасці. Тады на "Мінск-Арэну" ў сярэднім на матч прыходзіла больш за 14 тысяч чалавек. Было 11 аншлагаў.

У цяперашняй рэгулярцы КХЛ усё зусім не радасна. Свой антырэкорд па наведвальнасці "зубры" пакуль не пабілі, але 4 гульні з 9 сабралі менш чым 10 тысяч гледачоў.

Людзі не ідуць на каманду, якая прайграе. Нядаўняе паражэнне "Дынама" ад "Сібіры" 0:6 стала апошняй кропляй. Настолькі, што старшыні хакейнай федэрацыі Генадзю Савілаву, які сёння адзначаў своеасаблівы юбілей - 100 дзён на пасадзе, прыйшлося выбачацца.

Генадзь Савілаў, старшыня Федэрацыі хакея Беларусі:

"Хачу папрасіць прабачэння ва ўсіх беларускіх балельшчыкаў за выступленне мінскага "Дынама" і за выступленне зборнай на апошнім чэмпіянаце. Паверце, спрабуем выправіць сітуацыю. Усе хочуць бачыць спыненне гэтага некантраляванага падзення".

Трэнер, з якім зборная Беларусі заняла чацвёртае месца на Алімпіядзе ў Солт-Лейк-Сіці, а цяпер галоўнакамандуючы "Дынама" маскоўскага Уладзімір Крыкуноў, абвінавачвае ў цяперашнім правале "зуброў" прыпознены працэс камплектавання каманды.

Сёння Анатоль Курылец заявіў, што пакіне пасаду генеральнага дырэктара "Дынама" па асабістай ініцыятыве ў сувязі з заканчэнем кантракта. А Генадзь Савілаў анансаваў змяненні ў трэнерскім штабе.

Зараз ідзе распрацоўка плана зліцця Федэрацыі хакея і мінскага "Дынама". Гэты працэс павінен быць завершаны да канца лютага будучага года. Усё робіцца для таго, каб зборная Беларусі вярнулася ў эліту сусветнага хакея. Нагадаем, на майскім планетарным першынстве ў Даніі наша каманда пацярпела 7 паражэнняў, набрала 0 ачкоў, а розніца шайбаў - 8:36. Як вынік - вылет у першы дывізіён.

Зараз дакладна вядома, што ў Астане змагацца за выхад у эліту зборная будзе пад кіраўніцтвам Андрэя Сідарэнкі. Астатні трэнерскі штаб каманды пакуль фарміруецца.

Зусім хутка ў зборнай Беларусі пад кіраўніцтвам Андрэя Сідарэнкі будзе першая праверка. Стартавую ў сезоне міжнародную паўзу каманда правядзе дома, у Мінску, на "Чыжоўка-Арэне". Беларусы згуляюць з Францыяй, Славеніяй і Латвіяй. Матчы пройдуць 8, 9 і 10 лістапада.