У пагоні за Вялікім хрустальным глобусам

6 февраля 2015

Будучыя выхадныя - адны з найважнейшых у сезоне для Дар'і Домрачавай. На сёмым этапе Кубка свету па біятлоне ў Чэхіі ў яе наперадзе спрынт і праследаванне. Ад выніку будзе залежаць, якія шанцы абысці фінку Мякярайнен. Ці варта гаварыць, як гэтых гонак чакаюць у Беларусі!

З чэшскага Нове-Места перадае Павел Капуцкі. Рознымі шляхамі, але з адной мэтай. Адлегласць ад Мінска да Нове-Места больш за тысячу 200 кіламетраў. Але хіба гэта перашкода для сапраўднага фаната, падумалі дзве сотні беларусаў і прыехалі ў Чэхію падтрымаць родную каманду.

Нове-Места - невялікае мястэчка з насельніцтвам у дзесяць тысяч чалавек, да канца тыдня - біятлонная сталіца свету. Сёння этап Кубка свету стартаваў новай гонкай: супермікст. Гэта калі за каманду выступае адна жанчына і адзін мужчына, якія па чарзе прабягаюць па два этапы.

Стрэльбішча. Менавіта тут часцей за ўсё і вызначаецца, каму ж дастануцца медалі. Трапіць сюды можна толькі па акрэдытацыі. Прыкладна за гадзіну да гонкі пачынаецца прыстрэлка. Прама зараз да эстафеты рыхтуюцца нашы Дзмітрый Дзюжаў і Надзея Пісарава.

Беларусы вельмі старанна прыстрэльваліся, але ў выніку выкарысталі 14 дадатковых патронаў. Сёмае месца. Перамагла каманда Расіі.

Дзмітрыю Дзюжаву, які дэбютаваў ў Кубку свету два этапы таму, трэба прывыкаць да шумлівых трыбунаў, бо нават на юніёрскіх чэмпіянатах ціха не бывае.

Ужо 18 лютага ў Раўбічах стартуе планетарны форум сярод моладзі. Арганізатары працягваюць хвалявацца аб тым, каб снегу хапіла. Па ўсіх астатніх параметрах да нашага спарткомплекса пасля маштабнай рэканструкцыі пытанняў няма.

Ну, а пакуль уся ўвага да Нове-Места і Дар'і Домрачавай. У агульным заліку Кубка ад Мякярайнен беларуска адстае ўсяго на 40 ачкоў. А калі адняць дзве горшыя гонкі, то перавага фінкі ўсяго 16 балаў. Гэта значыць ужо заўтра Домрачава можа прымерыць майку лідара і стаць бліжэй да Вялікага хрустальнага глобуса. Пачатак прамой трансляцыі жаночага спрынту ў 14:25 на "Беларусь 2".