У Пхёнчхане ідзе барацьба за медалі ў жаночай індывідуальнай гонцы на 15 кіламетраў

15 февраля 2018

На Алімпійскіх гульнях у Пхёнчхане ў гэтыя хвіліны ідзе барацьба за медалі ў жаночай індывідуальнай гонцы на 15 кіламетраў. Беларусь тут прадстаўляюць чатыры нашыя спартсменкі: Дар'я Домрачава, Ірына Крыўко, Надзея Скардзіна і Дзінара Алімбекава.

Гэтыя кадры мы атрымліваем у рэжыме рэальнага часу. Нагадаем, прамая трансляцыя гонкі ідзе на тэлеканале "Беларусь 5". Усе нашы біятланісткі да гэтага моманту ўжо стартавалі. Ірына Крыўко дапусціла тры промахі на чатырох агнявых рубяжах. Дар'я Домрачава перад заключнай стойкай прамахнулася толькі аднойчы - на трэцяй стральбе.

Надзея Скардзіна пасля трох заходаў на стадыён пакуль з нулём у графе промахаў. Дзінара Алімбекава прайшла толькі адну стральбу, дзе зарабіла хвіліну штрафу. Што ж, сочым за гонкай. Вынікі ўжо зусім хутка. А ў 14:20 тут будуць стартаваць мужчыны. Зборную Беларусі прадставяць Уладзімір Чапелін, Раман Ялётнаў, Сяргей Бачарнікаў і Максім Варабей. Прамую трансляцыю будзе весці тэлеканал "Беларусь 2".

Не меней сур'ёзная барацьба ідзе і на гарналыжных схілах. Марыя Шканава па суме дзвюх спроб паказала 38-ы вынік у гіганцкім слаламе, саступіўшы пераможніцы спаборніцтваў амерыканцы Мікаэле Шыфрын 12,5 секунды. Юрый Данілачкін сёння спаборнічаў у хуткасным спуску, дзе паказаў 44-ы час.

Юлія Ціханава заняла 40-е месца ў спаборніцтве лыжніц на дыстанцыі 10 кіламетраў вольным стылем. Алімпійскай чэмпіёнцы нарвежцы Рагнільдзе Хаге лепшая з беларусак прайграла крыху больш за тры хвіліны. Паліна Сераносава фінішавала 48-й, Валянціна Камінская - 70-я.

А ў 13:55 на тэлеканале "Беларусь 5" пачнецца прамая трансляцыя кваліфікацыі ў лыжнай акрабатыцы. У складзе нашай зборнай на схіл выйдуць Ала Цупер, Ганна Гуськова і Аляксандра Раманоўская. Для таго каб патрапіць у фінал, у фрыстайлістак будзе дзве спробы. Пасля першай у вырашальную стадыю адбярэцца шэсць лепшых спартсменак. Астатнія ў другой спробе вызначаць яшчэ столькі ж фіналістак. Усяго ў стартавым спісе 25 спартсменак.