У Наваполацку праходзіць трэці этап Кубка Беларускай федэрацыі біятлона сярод юнакоў і дзяўчат

27 января 2018

Перад Алімпіядай, калі нацыянальная зборная Беларусі рыхтуецца да галоўных стартаў чатырохгоддзя ў Пхёнчхане, на лыжню выходзяць юныя біятланісты. А ўвага тых, хто сочыць за развіццём айчыннага спорту, прыкаваная да Наваполацка. Менавіта тут на лыжаролернай трасе праходзіць трэці, заключны этап Кубка Беларускай федэрацыі біятлона сярод юнакоў і дзяўчат. Юныя спартсмены ўжо на гэтым этапе спасцігаюць усе тонкасці прафесійнага спорту, бо гонкі на поўначы краіны максімальна набліжаныя да ўмоў правядзення этапаў Кубка свету атмасферай, спаборніцкай барацьбой і нават правядзеннем прэс-канферэнцый. Андрэй Казлоў - пра новую змену айчыннага біятлона.

Імгненні да афіцыйнай прэс-канферэнцыі. Трыумфатары гонкі трэцяга этапу Кубка Беларускай федэрацыі біятлона яшчэ не астылі ад фінішнай барацьбы. Але тут жа разбіраюць гонку на малекулы.

Некалькі хвілін таму - фініш спрынту, які ўпершыню праходзіў у адборачных этапах Кубка Беларускай федэрацыі біятлона гэтага сезона. І тут жа пасля заканчэння гонкі каментарыі.

Сама гонка, напружанне на агнявых рубяжах і гучныя крыкі падтрымкі ў Наваполацку былі максімальна падобныя да форумаў сярод дарослых біятланістаў, каб ужо ў такім узросце падобная атмасфера была звыклай для юных спартсменаў. Яшчэ адной традыцыяй Кубка Федэрацыі з'яўляецца прэс-канферэнцыя, якая праводзіцца нават на англійскай мове.

На трасе ў Наваполацку ўсё набліжанае да прафесійных гонак, у тым ліку этапаў Кубка свету. Каб патрапіць на трыбуну і проста да самога старту, неабходна прайсці па такім навесным мосце. А вось тут адкрываецца маляўнічы краявід. Тут і подыум, дзе ўзнагароджваюць юных біятланістаў. Вось там як раз старт. А тут, ледзь далей, трыбуна.

Тут на гэтым пятачку спартсмены праводзяць апошнія хвіліны перад стартам. Трэнеры даюць устаноўку, можа быць, найважнейшую ўстаноўку ў гэты дзень.

Ужо на трыбунах і ўздоўж трасы сустракаем юных прыхільнікаў біятлона - тут у кожнага не толькі ёсць свой кумір у заліку Кубка свету або на Алімпійскіх гульнях, якія хутка стартуюць. Тут сапраўды хварэюць за сваіх.

У першы дзень трэцяга этапу юныя біятланісты разыгрывалі медалі ў спрынце сярод юнакоў і дзяўчат. А вось заўтра ў праграме - змяшаная эстафета, адна з самых непрадказальных. Перад фіналам спаборніцтваў Кубка Беларускай федэрацыі біятлона, якія пройдуць у лютым у Раўбічах, юныя спартсмены паспрабуюць сябе ва ўсіх дысцыплінах.

Пераможцы трэцяга этапу віншуюць з днём нараджэння знакамітага нарвежца Уле-Эйнара Б’ёрндалена. Ужо ў такім узросце яны арыентуюцца на лепшых.