У Нацыянальным аэрапорце сустрэлі беларускіх фрыстайлістаў і лёгкаатлетаў

4 марта 2019

Беларускія фрыстайлісты   выйгралі другі медаль на Сусветнай зімовай універсіядзе. І гэта зноў золата! На вышэйшую прыступку п'едэстала пашаны ў змяшаных камандных спаборніцтвах падняліся Аляксандра Раманоўская і Арцём Башлакоў. Нагадаем, напярэдадні Аляксандра выйграла індывідуальныя спаборніцтвы. У медальным заліку беларусы дзеляць другое месца з аўстрыйцамі. Нашы чэмпіёны вернуцца на радзіму ўжо заўтра днём, а вось сёння ў Нацыянальным аэрапорце сустракалі беларускую зборную, якая выступала на заключных у сезоне этапах Кубка свету.

У Кітаі Антон Кушнір выйграў бронзу і стаў трэцім па выніках агульнага заліку ў лыжнай акрабатыцы.

У адзін час з фрыстайлістамі ў Беларусь вярнуліся і нашы лёгкаатлеты. На чэмпіянаце Еўропы ў памяшканнях у Глазга беларусы выйгралі два медалі

Эльвіра Герман узяла бронзу ў кароткім бар'ерным бегу, а Анастасія Мірончык-Іванова з асабістым рэкордам стала сярэбраным прызёрам у скачках у даўжыню.

Галоўным стартам сезона для лёгкаатлетаў стане чэмпіянат свету, які пройдзе ў верасні ў Досе.