У Маскве прайшоў чэмпіянат Еўропы па лацінаамерыканскіх танцах сярод прафесіяналаў

14 апреля 2019
Пачуццёвая румба, імпэтная ча-ча-ча і напружаны пасадобль. У Маскве прайшоў чэмпіянат Еўропы па лацінаамерыканскіх танцах сярод прафесіяналаў. На паркеце ў Крамлёўскім палацы сапернічалі 48 пар  больш як  з 20 краін свету. Грацыю і пачуццё рытму ацаніла Дар'я Белавусава-Пятроўская.

Пачуццёвыя, рамантычныя, смелыя і раскаваныя. Яны грацыёзна выходзяць на паркет і па вонкавым выглядзе складана адгадаць, хто прадстаўляе Паўднёвую Амерыку, а хто Еўропу. Яркі макіяж, загарэлыя целы і вышываныя стразамі сукенкі - жаночая палова павінна прыцягваць увагу суддзяў і гледачоў, а мужчынская - дапаўняць пару, утворачы адзінае цэлае.

Гэтым разам на паркеце сышліся 48 пар  больш як з 20 краін свету. Ад Беларусі  Генадзь Цынкевіч і Яна Дзідзенка. Разам танцуюць ужо больш за 6 гадоў і сярод прафесіяналаў  гэта адна з наймацнейшых пар краіны.

Чэмпіянат Еўропы па лацінаамерыканскіх танцах сярод прафесіяналаў - гэта жорсткае спаборніцтва. За некалькі гадзін пары праходзіць 4 этапы - ад 1/8 чэмпіянату да фіналу. І штораз яны выконваюць 5 танцаў: самба, румба, ча-ча-ча, пасадобль і джайв.

У кожнага танца свой непаўторны каларыт і свая гісторыя. Напрыклад, румба ўсяго некалькі стагоддзяў таму лічылася рытуальным танцам афрыканцаў. Перакладаецца як крык душы. Патрабуе неверагоднай каардынацыі рухаў і пачуцця рытму. Самба  сёння -  адзін з самых папулярных лацінаамерыканскіх танцаў, а калісьці інквізіцыя лічыла яго грахоўным. Рытм ча-ча-ча  ў два разы хутчэйшы за біццё сэрца - 120 удараў за хвіліну. А пасадобль - гэта іспанская карыда на паркеце. Партнёр іграе ролю матадора, партнёрка - яго чырвоны плашч, якім ён дражніць быка.

Палкія лацінаамерыканскія рытмы дапоўнілі вальс, танга і факстрот. У рамках чэмпіянату Еўропы прайшоў Кубак Крамля па еўрапейскіх танцах. А кульмінацыяй свята  сталі танцы для публікі, калі на паркет выйшлі гледачы і госці чэмпіянату. Бо ў танца няма ні ўзросту, ні меж.