У Мінску стартаваў XVI Калядны міжнародны турнір аматараў хакея

3 января 2020
Спартыўны год у Беларусі ўжо па традыцыі адкрывае Калядны турнір. Спаборніцтвы - неад'емная частка навагодніх свят і, вядома, візітная картка нашай краіны. Хай і са словам "аматарскі", аднак тыя, хто сочыць за лядовымі баталіямі, ведаюць,  што гэта хутчэй фармальнасць. Турнір збірае сапраўдных зорак хакея вось ужо  16-ы раз. Да нас едуць  з усяго свету. Адзначым дэбютантаў гэтага года - каманду ЗША. З імі  пазмагаецца ў групавым этапе дружына Прэзідэнта.

Наперадзе некалькі дзён бескампраміснай барацьбы і асаблівага спартыўнага напалу. Менавіта за гэта любяць турнір і ўдзельнікі, і балельшчыкі на трыбунах. А яшчэ за здаровую спартыўную цікавасць нароўні з юнацкім азартам, які дэманструюць і ўдзельнікі фіналу "Залатая шайба.

І гэта стала яшчэ адной добрай каляднай традыцыяй. Пра яркія моманты цырымоніі адкрыцця і першыя паядынкі  ў рэпартажы Станіслава Ліпскага.


XX гульні - 5 спаборніцкіх дзён, суперзоркі сусветнага хакея


У тым ліку Аляксей Кавалёў, Аляксей Жытнік, Дзмітрый Хрысціч, Міхаіл Грабоўскі, шчырая цікавасць балельшчыкаў і, зразумела, бескампрамісная барацьба. Усё гэта XVI Калядны міжнародны турнір сярод аматараў. Мінск ізноў сабраў прыхільнікаў хакея, каб падарыць кожнаму з нас яркае свята гэтай гульні.


"Чыжоўка-Арэна" прымае гасцей


Спарткомплекс да працы ў рэжыме нон-стоп гатовы, каласальны вопыт у дапамогу. Тут праходзілі і чэмпіянаты свету, і фінал Кантынентальнага кубка, зразумела,  калядныя турніры. Усё працуе як гадзіннік: гасцям пачастунак, забаўная праграма, але галоўнае - эмоцыі ад гульні.

У першай гульні спаборніцтваў каманда братэрскай нам Украіны, якая, дарэчы,  вярнулася на турнір пасля перапынку, не без цяжкасці справілася з хакеістамі Швейцарыі, 2-1. А вось у паядынку Кітай - ААЭ ўсё было куды больш зразумела:  каманда з Абу-Дабі значна мацнейшая, 9-2. Нагадаем, менавіта беларусы дапамагаюць развіваць хакей у гэтай гарачай краіне.

Турнір з кожным годам усё больш папулярны і вядомы ў свеце: геаграфія ўдзельнікаў  пашыраецца. Сёлета ў Мінск упершыню прыехала каманда са Злучаных Штатаў Амерыкі. Усяго  12 дружын будуць змагацца за тытул наймацнейшай. Зразумела, традыцыйна ўрачыста адкрыў турнір беларускі лідар.

Ужо ў наступным годзе Беларусь сумесна з Латвіяй прыме чэмпіянат свету ў элітным дывізіёне. Цяперашні Калядны турнір - яшчэ адна выдатная магчымасць паказаць гасцям сталіцы і функцыянерам Міжнароднай федэрацыі хакея, што Мінск і беларусы арганізуюць планетарны форум на самым высокім узроўні.


"Залатой шайбе" таксама павышаная ўвага


Побач з майстрамі гульні  сапернічаюць юныя хакеісты. Гэта той самы прыклад сплаву вопыту і юнацкага запалу, які працуе на развіццё хакея. Фінал двух турніраў пройдзе на "Чыжоўка-Арэне" 7 студзеня. Але гэтую гісторыю нам яшчэ толькі трэба будзе распавесці, а зараз канстатуем:

Рэнэ Фазель сярод ВІП-гасцей турніру сёння, менавіта з камандай ІІХФ гуляла дружына Кіраўніка дзяржавы ў матчы-адкрыцці, перамаглі гаспадары. Пачатак абароне тытула наймацнейшых пакладзены. Заўтра пазмагаемся з амерыканцамі, будзе няпроста. Пачатак у 19:00. Сустрэнемся на "Чыжоўка-Арэне".