Гэтымі днямі ў Заслаўі праходзіць чэмпіянат Беларусі па веславанні

1 июня 2019

Зборную Беларусі па гэтым відзе спорту не трэба прадстаўляць. Нашы весляры на байдарках і каноэ рэгулярна пацвярджаюць сваё высокае майстэрства на розных міжнародных стартах. Як вынік - ні з адных спаборніцтваў яны не вяртаюцца без медалёў. Але ў канкурэнцыі нараджаецца ісціна. Гэтымі днямі ў Заслаўі праходзіць чэмпіянат Беларусі. Для самога комплексу  гэта добрая магчымасць праверыць свае сілы.

Чэмпіянат краіны стаў тэставым да Гульняў. Падрабязна Крысціна Камыш. 

Пачаўся спаборніцкі сезон у весляроў на байдарках і каноэ яшчэ ў красавіку ў Брэсце Кубкам краіны. Затым наша каманда адправілася на міжнародны старт - этап Кубка свету ў польскую Познань. Там, дарэчы, было заваявана 5 узнагарод. І вось апошняя праверка сіл перад II Еўрапейскімі гульнямі - чэмпіянат Беларусі. На водныя дарожкі ў Заслаўі выйшлі атлеты з усіх рэгіёнаў краіны. Разам каля 300 спартсменаў.

Галоўная задача - паказаць свой максімум. Бо па выніках будуць сфарміраваны экіпажы на Гульні.

У першы спаборніцкі дзень ужо ўсё даказалі нашы лідары -  Вольга Худзенка, Марына Літвінчук, Арцём Козыр, Раман Петрушэнка, Віталь Бялько.

Правярае сваю гатоўнасць і сам спарткомплекс у Заслаўі. Чэмпіянат краіны стаў тэставым да II Еўрапейскіх гульняў. А гэта значыць, што ў палявых умовах можна было паглядзець, як працуе электронная сістэма фіксацыі вынікаў. Прайшлі праверку службы бяспекі і аховы здароўя. Пачаткаў сваю працу і прэс-цэнтр.

Павялічылі колькасць пасадачных месцаў. Калі раней трыбуны змяшчалі 700 гледачоў, то зараз комплекс гатовы прыняць паўтары тысячы балельшчыкаў. Білеты пакуль у продажы, так што магчымасць убачыць выступленне нашых спартсменаў яшчэ ёсць.

На II Еўрапейскіх гульнях з 25 па 27 чэрвеня ў Заслаўі разыграюць 16 камплектаў узнагарод - па 8 у мужчын і жанчын. У заяўках каманд чакаецца каля 350 спартсменаў. Чэмпіянат жа Беларусі па веславанні на байдарках і каноэ працягнецца яшчэ і ў нядзелю.