Ужо пяць медалёў! Бронзу ў грэка-рымскай барацьбе заваяваў Джавід Гамзатаў

16 августа 2016

Ёсць пяты медаль! Напярэдадні позна вечарам скарбонка нашых алімпійцаў папоўнілася яшчэ адной узнагародай. Барэц грэка-рымскага стылю ў катэгорыі да 85 кілаграмаў Джавід Гамзатаў у сутычцы за бронзу паказаў свае найлепшыя якасці. З Рыа - рэпартаж Паўла Капуцкага.

Спачатку ён выбівае кітайца Фэя, а потым аўстрыйца Хрустановіча. У паўфінале беларуса чакае ўкраінскі барэц Белянюк.

На Джавіда Гамзатава спадзявалася ўся каманда. Алімпійскіх медалёў у барацьбе ў нас не было восем гадоў. У Пекіне на трэцюю прыступку паднімаліся Міхаіл Сямёнаў і Мурад Гайдараў. А вось у Лондане здарыўся правал - ніводнай узнагароды.

У найважнейшай сутычцы не ўсё, але многае вызначае судзейскае рашэнне. Беларус атрымлівае трэцяе папярэджанне. Белянюк карыстаецца шанцам і выходзіць у фінал.

Праз некалькі гадзін Гамзатава чакае сутычка за бронзу, куды праз суцяшальны раўнд выходзіць той самы балгарын. Байракоў. Са старту Джавід захоплівае ініцыятыву, 2:0. Сканчаецца паядынак з лікам 4:1.

Галоўны трэнер зборнай Беларусі Ігар Пятрэнка падчас інтэрв'ю ледзь не плача. Гэты медаль хоць і бронзавы, для барцоў - з залатым адлівам.

Да гэтага найлепшым дасягненнем Гамзатава было трэцяе месца на чэмпіянаце свету 2013 года ў Будапешце. У Джавіда яшчэ будзе шанц пазмагацца за перамогу на Алімпіядзе. Зараз яму 26, а да Гульняў у Токіа будзе 30.