Спартыўная база многіх сярэдніх школ мае патрэбу ў абнаўленні

6 июня 2018

Прыцягнуць да заняткаў спорту большасць насельніцтва, выгадаваць пакаленне маладых перспектыўных спартсменаў і вывесці Беларусь у лік наймацнейшых спартыўных краін - гэта стратэгічная задача дзяржавы. Але нават такія фундаментальныя мэты пачынаюцца з малога. Напрыклад, з актыўнага ладу жыцця, годнай спартыўнай пляцоўкі ля дома, футбольнага поля, лядовай арэны або тэніснага корта. І калі з апошнімі пытанні вырашаны або вырашаюцца (так сёння ўказам Прэзідэнта даручана ў Наваполацку рэканструяваць лядовы палац), то вось спартыўная база сярэдніх школ, там, дзе, па сутнасці, і закладваецца любоў да спорту, пакідае жадаць лепшага. Школьныя пляцоўкі для заняткаў фізкультурай наўрад ці можна назваць кузняй алімпійскіх перамог. У сітуацыі разбіраўся Андрэй Ястрабаў.

Замест сучасных кортаў - металічныя волаты з мінулага стагоддзя. 4-й гімназіі Магілёва амаль 45 гадоў. Спартыўная пляцоўка - аднагодак. Фарбу на металічных канструкцыях асвяжаюць рэгулярна, але наўрад ці гэтыя турнікі ў стагоддзе гаджэтаў і IT-тэхналогій здольныя выклікаць цікавасць да здаровага ладу жыцця.

Пры гэтым спартыўных дасягненняў у гімназіі не мала. Лепшая дзіцячая валейбольная каманда ў горадзе, абноўлены спортінвентар. Але не яны кідаюцца ў вочы, а старыя лаўкі і такія ж зношаныя шведскія сценкі.

А гэта ўжо спортпляцоўка 6-й магілёўскай школы. Вось толькі замест спартыўных перамог тут доўгія гады косяць траву. Летам хутка зарастае, ды яшчэ і пасля дажджу. Адзінае прызначэнне ў гэтага будынка зімой - лядовая каробка.

Цяжка паверыць, але гэтыя аб'екты належаць школе са спартыўным ухілам. Тлумачаць: стадыён зарос травой таму, што трэніруюцца школьнікі на іншых спартыўных базах. Свая ім проста не патрэбная. Але ж пры гаспадарскім падыходзе гэтае поле магло стаць месцам адпачынку і заняткаў спортам для жыхароў мікрараёна, які расце побач.

Як зрабіць спорт больш прывабным, чым камп'ютарныя гульні? Не раз гэтая тэма ўзнімалася і на нарадах з удзелам Прэзідэнта. Чарговы раз у красавіку падчас вялікай размовы аб развіцці зімовых відаў спорту ў краіне. Кіраўнік дзяржавы паставіў перад губернатарамі задачу - стварыць на месцах для дзяцей усе ўмовы для ўцягвання ў спорт. Тады і зорных атлетаў можна гадаваць, пачынаючы з дзіцячага садка.

Але рэйды Камітэта дзяржаўнага кантролю паказваюць, што сітуацыя далёкая ад ідэальнай.

Дзяніс Касталомаў, галоўны спецыяліст упраўлення Камітэта дзяржкантролю Беларусі па Магілёўскай вобласці: "Спартыўныя будынкі маральна і фізічна зношаныя. Патрабуе рамонту пакрыццё гульнявых пляцовак, бегавых дарожак. У шэрагу школ футбольныя палі спаласаваныя пешаходнымі сцежкамі. Ёсць праблемы і з асвятленнем гэтых месцаў у вячэрні час. Інфармацыю аб выніках маніторынгу камітэт накіраваў у гарвыканкам. Прыняцце мер узята на кантроль".

Першыя крокі зробленыя. У Магілёве распрацаваны план паэтапнага абнаўлення ўстаноў адукацыі, у тым ліку іх спартыўнай базы. У найбліжэйшыя гады яны ўпрыгожаць некалькі мікрараёнаў.

Менавіта такія спартыўныя пляцоўкі становяцца папулярнымі і прыносяць вынікі. Прыклад - 45-я школа ў мікрараёне Спадарожнік. Трэці год запар навучэнцы займаюць першыя месцы ў гарадской спартакіядзе. 6 спартыўных школ на яе базе трэніруюць выхаванцаў. Ёсць трэнажорная зала пад адкрытым небам.

Амаль 4 тысячы дзяцей пражываюць у мікрараёне Спадарожнік. Нядзіўна, што вечарамі гэты спартыўны цэнтр ператвараецца ў месца масавага актыўнага адпачынку. Аб такіх умовах пакуль толькі мараць амаль паўсотні школ Магілёва.