Сем новых лаўрэатаў уведзеныя ў Залу славы Міжнароднай федэрацыі хакея

26 мая 2014
Імёны гэтых хакеістаў ужо ператварыліся ў легенды, а іх спартыўныя подзвігі назаўжды запомніць лёд. Сем новых лаўрэатаў уведзеныя ў Залу славы Міжнароднай федэрацыі хакея. Цырымонія па традыцыі прайшла ў апошні дзень планетарнага форуму ў Мінску. У ганаровым спісе герояў хакея і прозвішча знакамітага экс-капітана зборнай Беларусі Руслана Салея.

Пра самую галоўную ўзнагароду ў жыцці хакеіста раскажа Паліна Іванча.

Пра тое, што імя яго сябра, беларускага хакеіста Руслана Салея будзе ўшанаванае ў Зале хакейнай славы, капітан фінскай зборнай Олі Ёкінен даведаўся ўсяго некалькі дзён таму. Прысутнічаць на цырымоніі не атрымалася, яна прайшла напярэдадні, як раз у дзень вырашальнага паядынку Фінляндыі і Расіі, аднак у інтэрв'ю фінскі форвард прызнаўся: першае, што зрабіў, калі прыляцеў у Мінск, наведаў Руслана. На могілках.

Олі Ёкінен, капітан нацыянальнай зборнай па хакеі Фінляндыі: Мы гулялі разам у Фларыдзе некалькі гадоў. І сталі лепшымі сябрамі з ім і з усёй сям'ёй Салей. Ён быў добрым гульцом, але яшчэ лепшым чалавекам. Ён заўсёды клапаціўся пра ўсіх, акрамя сябе - аб сям'і, дзецях, сябрах, камандзе. Тут я быў прыемна здзіўлены, калі ўбачыў, як моцна беларусы памятаюць пра яго і любяць яго. І вы ведаеце, не праходзіла і дня, каб і мы не ўспаміналі пра яго.

Ён абараняў колеры нацыянальнай зборнай 17 гадоў, на яго рахунку восем чэмпіянатаў свету і тры алімпіяды.

А чвэрцьфінальную гульню са шведамі ў 2002-м у Солт-Лейк-Сіці і зусім назвалі цудам на лёдзе.

Беларусы тады сенсацыйна разграмілі шведаў з лікам 4:3, а паядынак трапіў на 28-ы радок у рэйтынгу сотні галоўных міжнародных хакейных падзей стагоддзя.

У яго было ўсё: знешнасць, удар, дотык. Зараз Руслан Салей у спісе лепшых. На жаль, пасмяротна.

Тамара Салей, маці Руслана Салея: Ён з 37-мі няпоўных гадоў 30 гадоў аддаў хакею, таму я лічу, што ён заслужыў гэтую ўзнагароду. Але, вядома, вельмі шкада і крыўдна, што яго няма з намі.

Міхаіл Захараў, галоўны трэнер хакейнага клуба Юнацтва-Мінск: Успамінаю той момант, калі наша зборная вылецела з групы А ў групу B. І ён з траўмай прыехаў у групу B, падтрымаў нашу зборную, мы тады першае месца занялі. Ён любіў сваю радзіму - гэта самае галоўнае.

Нягледзячы на тысячы кіламетраў, якія падзяляюць Беларусь і ЗША, жонка Руслана Салея - амерыканка Бэтэн Салей - гэтым вечарам сэрцам была ў Мінску.

Напярэдадні разам са знакамітым экс-капітанам зборнай Беларусі па хакеі ў Залу славы былі ўведзеныя яшчэ шэсць імёнаў. Лёд назаўжды запомніць гульню расіян Вячаслава Быкава і Андрэя Хамутова, а таксама канадца Стыва Айзермана. У гэтым жа спісе і, бадай, адзін з найбольш аўтарытэтных кіраўнікоў у міжнародным хакеі - Мюрэй Кастэла.

Спецыяльная прэмія імя Поля Луака сёлета дасталася спартыўнаму доктару з Канады Марку Обры.

Зараз у Зале хакейнай славы значыцца 195 імёнаў. Гульцы, функцыянеры, суддзі - толькі лепшыя з лепшых. Прозвішча Салей у гэтым спісе першае беларускае. З гэтага часу і назаўжды яно застанецца легендай нумар 24 як нацыянальнага хакея, так і сусветнага.

Ніклас Лідстрэм - адзін з лепшых гульцоў абароны ў гісторыі хакея, і гэтым вечарам - яшчэ адно імя ў Зале славы. У інтэрв'ю нашаму каналу хакеіст прызнаўся: на гэтай цырымоніі ён быў бы шчаслівы стаяць побач з Русланам Салеем, як і некалькі гадоў таму на лёдзе.

Ніклас Лідстрэм, алімпійскі чэмпіён, чэмпіён свету па хакеі (Швецыя): Ён быў байцом. Ён вельмі многа і старанна трэніраваўся. І гэта было вялікім выпрабаваннем гуляць супраць яго. Але калі ты гуляў разам з ім у адной камандзе, то гэта было адно задавальненне.

Першыя імёны ў Зале хакейнай славе з'явіліся ў 1997-м, цырымонія ў Мінску стала васямнаццатай у гісторыі. Наступная, дзевятнаццатая, пройдзе ў наступным годзе ў Празе. Па традыцыі ў дзень, калі ў фінальным паядынку вызначыцца чэмпіён свету па хакеі ўжо 2015 года.