Сёння на чэмпіянаце свету ў "Раўбічах" дзве эстафетныя гонкі

23 февраля 2015

На юніёрскім чэмпіянаце свету па біятлоне ў "Раўбічах" разыгралі яшчэ 4 камплекты медалёў. Беларусаў на п'едэстале па выніках гонак праследавання не апынулася. Хоць наша Дар'я Блашко мела ўсе шанцы папоўніць сваю медальную скарбонку, калі б не крыўдная памылка. На чацвёрты агнявы рубеж яна прыйшла сярод лідараў, але адстралялася не па сваёй мішэні, за што і атрымала 10 хвілін штрафу. Пасля пяці дзён чэмпіянату неафіцыйны медальны залік узначальваюць расіяне. У іх актыве 8 узнагарод, у тым ліку тры залатыя. Далей ідуць нарвежцы, замыкаюць тройку аўстрыйцы.

Сёння на чэмпіянаце свету ў "Раўбічах" дзве эстафетныя гонкі. У 10:00 выйдуць на дыстанцыю дзяўчаты. У складзе зборнай Беларусі выступяць Дар'я Блашко, Дзінара Алімбекава і Ганна Сола. У 13:30 стартуюць юнакі. Змагацца за медалі будуць Павел Паплаўскі, Ігар Карпук і Раман Шынкевіч. Прамыя трансляцыі глядзіце на тэлеканале "Беларусь 5".