Гісторыя з адхіленнем расійскіх спартсменаў ад Алімпіяды ў Пхёнчхане атрымала новае развіццё

5 февраля 2018

Міжнародны алімпійскі камітэт адмовіў у запрашэнні на Гульні ў Пхёнчхан 13 расійскім спартсменам і двум трэнерам, якіх апраўдаў у мінулы чацвер Спартыўны арбітражны суд у Лазане. Прычына адмоўнага вердыкта ў тым, што CAS не апублікаваў матывіровачную частку свайго рашэння аб апраўданні расійскіх спартсменаў, а МАК палічыў свае папярэднія высновы дастатковымі для адмовы. Больш за тое, кіраўнік Міжнароднага алімпійскага камітэта Томас Бах нават прыгразіў суду кадравымі рэформамі.

Томас Бах, кіраўнік Міжнароднага алімпійскага камітэта: "Рашэнне Спартыўнага арбітражнага суда вельмі расчаравала і здзівіла Міжнародны алімпійскі камітэт. Мы такога не чакалі. Нам здаецца, што гэтае рашэнне гаворыць аб неабходнасці тэрміновых рэформ ва ўнутранай структуры суда. У той жа час адсутнасць санкцый з боку Арбітражнага суда не азначае, што спартсмены змогуць атрымаць запрашэнне ад МАК, таму што атрыманне такога запрашэння - прэрагатыва чыстых расійскіх атлетаў".

Рашэнне МАК адмовіць апраўданым расійскім спартсменам у запрашэнні ў Пхёнчхан выклікала неразуменне не толькі ў атлетаў і спартыўных функцыянераў, але і ў журналістаў. Эксклюзіўна для Агенцтва тэленавін вядомы тэлевядучы і тэлекаментатар Дзмітрый Губерніеў падзяліўся сваім меркаваннем, што сёння адбылося (відэа).

Нагадаем, МАК на падставе высноў камісіі Освальда адхіліў ад спаборніцтваў больш за 30 расійскіх спартсменаў, а Алімпійскі камітэт Расіі дыскваліфікаваў. З-за гэтага на Гульнях у Пхёнчхане нашы ўсходнія суседзі будуць выступаць пад нейтральным флагам і пад назвай "Алімпійскія спартсмены з Расіі".