Зборныя Францыі і Італіі прыбылі ў Мінск

6 мая 2014

Час вялікага хакея наступае. Усяго 3 дні і Мінск ахопіць святочны спартыўны настрой. Літаральна ўсе жывуць у прадчуванні старту сусветнага першынства па хакеі. І сёння першыя ўдзельнікі, а гэта зборныя Францыі і Італіі, прыбылі ў Мінск.


Андрэй Іваноў сустрэў хакеістаў.


Дыханне чэмпіянату свету па хакеі ў Мінску адчуваецца ўжо выразна. Сёння прыляцелі першыя каманды - удзельніцы турніру. У 18:10 па беларускім часе на беларускую зямлю ступілі французы. Трохкаляровыя прыляцелі звычайным рэгулярным рэйсам. Нягледзячы на тое, што спорт нумар 1 у Францыі - футбол, шэраг гульцоў выступае ў НХЛ, наймацнейшай лізе свету.


Прайшлі тыя часы, калі зборная Францыі па хакеі была патэнцыяльным пастаўшчыком ачкоў. Трохкаляровыя шчыльна заселі ў элітным дывізіёне. Апошнія 6 гадоў яны гуляюць выключна ў кампаніі лепшых зборных планеты. 2014-ы - 7-ы год і, мяркуючы па ўсім, паніжэнне ў класе ім не пагражае. У Мінск прыляцеў склад, набліжаны да аптымальнага, у ростары прысутнічае нават уладальнік Кубка Стэнлі - Крыстабаль Юэ.


Галкіпер добра знаёмы хакейным балельшчыкам, таму што гуляў у адной камандзе разам з братамі Касціцынамі і Міхаілам Грабоўскім.


Абноўлены аэрапорт Мінск (зрабілі ўсё тут, трэба прызнаць, выдатна) сустракаў сёння і іншых знакавых асоб для французскага хакея. У ростары значацца і Антуан Русель, нападаючы клуба НХЛ Далас Старз, і Стэфан Да Коста з Атавы. Увогуле, па імёнах склад падбіраецца даволі прыстойны.


Наогул, зборная Францыі - сапернік, як гавораць у спорце, вельмі нязручны. Летась, напрыклад, яны абгулялі не каго-небудзь, а расіян. Французская прэса тады іранізавала: французы і рускія ў хакеі, як японцы і бразільцы ў футболе. Увогуле, той поспех прыраўнавалі да залатых медалёў. Сёлета пачынаць з Канадай.


Дарэчы, практычна ў адзін час з французамі ў Мінску прызямліліся і італьянцы. Як здалося з боку, іншаземцы не адчуваюць ніякіх праблем. Па-першае, побач гіды, па-другое, шмат рознага роду друкаванай інфармацыі, па-трэцяе, супрацоўнікі аэрапорта не давалі заблудзіць.


Пік прыбыцця каманд чакаецца 7 мая. У Мінск прыляцяць усе астатнія, за выключэннем Латвіі. Латышы прыедуць у чацвер. Уласна, 8 мая чакаецца прыбыццё і VIP-персон, прадстаўнікоў IIHF, а таксама камерцыйных партнёраў арганізацыі.