Зборная Беларусі - фаварыт матча першага раўнда Сусветнай групы Кубка Федэрацыі супраць Германіі

7 февраля 2018

Так лічыць капітан нямецкай каманды Енс Герлах. Сёння госці правялі першую трэніроўку на корце "Чыжоўка-Арэны". Нагадаем, у складзе Германіі няма прадстаўніц топ-дзясяткі сусветнага рэйтынгу - Ангелікі Кербер і Юліі Гергес. Самая высокая пазіцыя - 58-я - у Таццяны Марыі, другая ракетка каманды - Антонія Лотнер - яна 149 у свеце.

Енс Герлах, капітан жаночай зборнай Германіі па тэнісе: "У вас вельмі моцная маладая хатняя каманда. Для мяне не стала вялікім адкрыццём, што летась беларускі дабраліся да фіналу Кубка Федэрацыі. Яны гуляюць вельмі ўпэўнена ў сябе дома. Паглядзім, што адбудзецца ў выхадныя. Аднак мы прыехалі ў Беларусь не для таго, каб паціснуць сапернікам рукі і сказаць: "Добра, вы лепшыя".

Між тым у нямецкай каманды - прызнаны вопыт. Капітан нашай зборнай Эдуард Дуброў адзначае гульню Ганны-Лены Грэнефельд. Летась яна дабралася да паўфіналу Уімблдона ў парным разрадзе. Таксама ў нямецкай абойме Ганна-Лена Фрыдзам. З ёй раней сустракалася Аляксандра Сасновіч.

Аляксандра Сасновіч, 46-я ракетка сусветнага рэйтынгу: "Але гэта было па юніёрах. Яна прыстойны гулец. Падае добра, і ў прынцыпе ўзровень гульні ў яе прыстойны, бо яна годтаму 45-я была. Першы нумар - Марыя, у яе таксама свой стыль гульні. Кожны з іх нязручны па-свойму, таму павінен атрымацца вельмі цікавы матч".

Эдуард Дуброў, капітан жаночай зборнай Беларусі па тэнісе: "Вельмі такія збалансаваныя, падцягнутыя, фізічна гатовыя. Дысцыплінаваная каманда ў якасці, каб сябе аддаць на корце. Гэта каманда, Германіі, я маю на ўвазе, чымсьці падобная да нас. Гэта значыць мы не так гуляем у топавых турнірах, а гуляем значна лепш у камандных спаборніцтвах. Каманда дзесьці падобная да нас".

10 лютага пройдуць два адзіночныя матчы, а 11-га, акрамя двух адзіночных, - парны. Жараб'ёўка пройдзе ў пятніцу ў сталічнай ратушы. Пачатак у 12:00.