Рубрыка "Зборная Беларусі". Пляжны футбол

30 мая 2019

Сёння ў новай серыі праекта АТН, які мы рыхтуем разам з партнёрам БПС-Ашчадбанкам, распавядзём пра спартсменаў, якія прадставяць нашу каманду па пляжным футболе. Спаборніцтвы  карыстаюцца попытам. Білеты  разлятаюцца. Як збіраюцца праводзіць пяць матчаў за пяць дзён і пры гэтым аднаўляць сілы - у нашай рубрыцы "Зборная Беларусі".

Мора, сонца і пясок - гэта класічныя атрыбуты пляжнага футбола. Яны важныя, але не абавязковыя. У Беларусі даказана - быць у сусветнай эліце можна,  нават калі мора Мінскае, а трэніроўкі з-за ўмерана кантынентальнага клімату часта праходзяць у дождж. Галоўны трэнер нашай зборнай па нацыянальнасці іспанец. Катэгарычна адхіляе версію, што яго гульцы  няўдачнікі, якія прыйшлі з вялікага футбола.

Нікалас Альварада, галоўны трэнер зборнай Беларусі па пляжным футболе: "Гэта ўсё глупства. Глядзіце, адзінае, што нас злучае з класічным футболам, - гэта мяч і двое варот. Спецыфіка зусім іншая. Паверхня іншая - няроўная. Адпаведна і тэхніка іншая. Трэба іншая спецыяльная падрыхтоўка. Зноў жа, гуляюць басанож без абутку. Вы пытаеце,  ці робяць мае футбалісты педыкюр. Не! Шчыра кажучы, у футбалістаў ногі і пазногці не вельмі прыгожыя. Гэта ж кантактны спорт. Так, зімой у вас халодна. Але я ўражаны, колькі ўвагі ў вашай паўночнай краіне аказваюць пляжнаму футболу".

Лепшыя гульцы зборнай Беларусі выступаюць за замежныя клубы. Прымусілі сябе паважаць у Еўропе і ў свеце, але змірыліся з тым, што пляжны футбол - малады від. Яго асаблівасці далёка не ўсе ведаюць. Тры перыяды па 12 хвілін. І ў сярэднім 11 галоў за матч. Для традыцыйнага футбола норма 2 з паловай. 

Спаборніцтвы на Еўрапейскіх гульнях пройдуць на лепшым у краіне стадыёне па пляжным футболе. Ён пабудаваны ў цэнтры горада год таму. Характэрна, што білеты сюды балельшчыкі купляюць найбольш актыўна. Трыбуны змяшчаюць паўтары тысячы гледачоў. Пясок, на якім гуляюць каманды,  асаблівы.

У складзе зборнай Беларусі на Гульнях будуць 12 футбалістаў. Лідар каманды і самы заслужаны з іх  - форвард Ігар Брышталь. Выступае за маскоўскі "Спартак", неаднаразова лепшы гулец і бамбардзір чэмпіянатаў і кубкаў Расіі і Беларусі. 

Паводле жараб'ёўкі, на Еўрапейскіх гульнях Беларусь трапіла ў групу А з Партугаліяй, Швейцарыяй і Румыніяй. Па дзве лепшыя каманды з квартэтаў згуляюць у паўфіналах, фінале і матчы за трэцяе месца. Г.з. пяць матчаў за пяць дзён. А значыць, пытанням найхутчэйшага аднаўлення на спаборніцтвах прыйдзецца надаць максімум увагі.

12 чэрвеня прызначаны перадстартавы збор каманды. У каманды, якая двойчы была сярод прызёраў Еўралігі, задача на хатнія спаборніцтвы цалкам прадказальная.