Рубрыка "Матчбол"

25 апреля 2016

Вольга Мазуронак пасля перамог на марафоне ў амерыканскім Сакрамента і мінскім паўмарафоне спынілася за крок ад п'едэстала на Лонданскім марафоне - беларуска саступіла толькі прадстаўніцам Афрыкі. Аднак новы асабісты і паралельна нацыянальны рэкорд Беларусі ўстаноўлены. Пра іншыя спартыўныя падзеі - у рубрыцы "Матчбол".

Нацыянальная зборная краіны па хакеі падрыхтоўку да чэмпіянату свету, які 6 мая стартуе ў Маскве і Санкт-Пецярбургу, працягвае чарговай серыяй таварыскіх сустрэч. На мінулым тыдні ў Беларусь завітала каманда Швейцарыі: у пятніцу дружына Дэйва Льюіса прымала альпійцаў у Маладзечне, а ў суботу - у Мінску.

І калі ў райцэнтры беларусы саступілі апанентам у авертайме 1:2, то вось у сталіцы перамогу адсвяткавалі гаспадары 3:2, адзначым дубль нападаючага мінскага "Дынама" Аляксандра Паўловіча. Аднак пакуль вынік сустрэч адышоў на другі план: гульцы зборнай перад сабою паставілі мэту на планетарны форум - трапіць на п'едэстал спаборніцтваў. А пакуль працягваем падрыхтоўку, у красавіку яшчэ згуляем дзве таварыскія сустрэчы - у гасцях супраць Германіі.

Аднак цэнтральнай падзеяй уік-энда стала сустрэча чацвёртага тура чэмпіянату краіны па футболе паміж БАТЭ і сталічным "Дынама" ў Барысаве.

Толькі ўявіце сабе: на 85-й хвіліне паядынку барысаўчане ўпэўнена выйгравалі 3:1, ды вось нейкі збой у гульні жоўта-сініх ці, чаго нельга выключаць, звышматывацыя мінчан на гульню ўсё ж зрабілі сваё: бела-блакітныя за астатнія 9 хвілін здолелі вызначыцца двойчы і заваяваць нічыю 3:3.

Пасля чатырох тураў "Іслач" з Мінскага раёна і БАТЭ - на вяршыні табліцы чэмпіянату, на рахунку абедзвюх каманд па 10 балаў. У сталічнага "Дынама" і "Крумкачоў" - па 8 ачкоў.

На гэтым тыдні ўся ўвага футболу: заўтра стартуюць паўфіналы еўракубкаў, Лігі чэмпіёнаў і Лігі Еўропы, а ў выхадныя вас чакае пяты тур чэмпіянату краіны па футболе. Паралельна сочым за прэстыжным тэнісным турнірам у Мадрыдзе. Усё гэта, зразумела, на тэлеканалах Белтэлерадыёкампаніі.