Рубрыка "Матчбол"

5 сентября 2016

Алімпійская хакейная кваліфікацыя для зборнай Беларусі завяршылася паражэннем. Гаспадары турніру два матчы на "Мінск-Арэне" выйгралі, але прайгралі ў серыі булітаў у вырашальным паядынку. Гэта значыць, беларускі хакей застанецца без другой Алімпіяды запар. Рубрыка "Матчбол" прадоўжыць тэму.

На жаль, "Матчбол" сёння пачынаем не з самай лепшай навіны. Зборная Беларусі па хакеі прапусціць сваю другую запар Алімпіяду, але да выхаду на яе была неверагодна блізкая.

Апошні буліт у выкананні Андрэя Касціцына, кідок, адбіты варатаром зборнай Славеніі, і цішыня на "Мінск-Арэне".

Зборная Беларусі па хакеі прапускае другія Алімпійскія гульні запар. Апошні раз мы прымалі ўдзел у галоўных гульнях чатырохгоддзя ў канадскім Ванкуверы ў 2010 годзе. Каманда Дэйва Льюіса па выніку пасляматчавых булітаў у вырашальным матчы алімпійскага кваліфікацыйнага турніру саступіла Славеніі з лікам 2:3.

На дзве шайбы гасцей дублем адказаў Андрэй Сцяпанаў. Гульня перайшла ў авертайм, але ён атрымаўся безгалявым. І ў серыі булітаў станоўчага выніку дабіліся менавіта славенцы.

На Алімпіяду едзе славенская зборная, а наша каманда не выканала пастаўленых задач на другім для себя турніры ў годзе. Нагадаем, што ў маі хакеісты Дэйва Льюіса амаль не вылецелі на чэмпіянаце свету ў Расіі з эліты сусветнага хакея. Але ж галоўная задача Льюіса ў Беларусі была дакладнай - выйсці на Алімпіяду. Цяпер сітуацыю ўжо не выправіць.

Тым не менш, мінскае "Дынама" заўтра ў Маскве распачне сезон у Кантынентальнай хакейнай лізе. У госці да сябе чакае маскоўскі "Спартак". Будзе бачна, як з такім псіхалагічным прэсам справяцца хакеісты зборнай Беларусі, таму што большасць гульцоў нацыянальнай каманды выступае ў складзе "зуброў".

Мужчынская баскетбольная зборная на мінулым тыдні таксама нас не парадавала. Наша каманда распачала кваліфікацыйны турнір за права згуляць на чэмпіянаце Еўропы - 2017. Першыя два матчы беларусы саступілі. У гасцях Эстоніі і дома Польшчы.

Але няўдачы беларускага спорту, якія здарыліся на мінулым тыдні, забудуцца (няхай і на час), калі футбольная зборная Беларусі дасць бой моцнай французскай камандзе - фіналісту апошняга Еўра. На матчы заўтра ў Барысаве чакаецца аншлаг, гэта значыць, што ў каманды будзе падтрымка.