Рубрыка Матчбол

2 июня 2014
Спартыўнае лета распачынаецца вельмі актыўна. Напярэдадні зборная Беларусі па валейболе выйшла на чэмпіянат Еўропы, і гэта, безумоўна, заслужаны вынік для нашай каманды. Другая значная спартыўная з'ява - хатні этап Кубка свету па мастацкай гімнастыцы.

Трымаем руку на спартыўным пульсе разам з рубрыкай Матчбол.

Расказвае Андрэй Казлоў: Распачынаем першы выпуск рубрыкі Матчбол летам 2014 года. Чэмпіянат свету па хакеі - ужо гісторыя, у найбліжэйшы час на авансцэне - іншыя віды спорту. Абяцаем, не менш цікавыя. Напрыклад, мужчынская зборная Беларусі па валейболе выйшла другі раз запар і другі раз у гісторыі ў фінал чэмпіянату Еўропы. Ці гэта не выдатная з'ява!

Вось гэтыя эмоцыі становяцца ўжо звыклымі для беларускіх валейбалістаў. Наша каманда сёння моцная, у першую чаргу, характарам. Гэта пасля перамогі над туркамі адзначыў і Мікалай Мірны.

Нашы хлопцы выходзяць на чэмпіянат Еўропы другі раз запар. Да таго як зборную Беларусі ўзначаліў Віктар Сядзельнікаў, мы не ведалі, што такое чэмпіянат Еўропы, ён заўсёды абмінаў нас. Але неўзабаве ўсё змянілася. У чым справа?

Восенню 2015 года мы пабачым нашых хлопцаў сярод лепшых зборных Еўропы. У нас, безумоўна, выдатная зборная.

Мінск у мінулыя выхадныя правёў этап Кубка свету па мастацкай гімнастыцы. Беларусь ужо даўно лічыцца другой зборнай ў свеце. Нашы дзяўчаты уступаюць толькі расіянкам, але, як мяркуюць многія спецыялісты, гэта вельмі суб'ектыўны від спорту. Таму ніхто не пакрытыкуе за такі пасаж: беларускія гімнасткі - лепшыя ў свеце!

У апошні дзень этапу Кубка свету па мастацкай гімнастыцы нашы грацыі ўзялі адразу чатыры медалі. Золата ў фінале спаборніцтваў у практыкаванні са стужкай заваявала Меліціна Станюта. Гэта далёка не ўсё. Яшчэ ў двух відах - з мячом і булавамі - яна стала трэцяй. Таксама беларускія дзяўчаты, якія выступаюць абноўленай камандай, узялі сярэбраныя медалі ў практыкаваннях з 10 булавамі. Трэба адзначыць, што Мінск зноў выдатна правёў этап Кубка свету па мастацкай гімнастыцы.

Праз два тыдні лепшыя гімнасткі Еўропы будуць змагацца за медалі еўрапейскага першынства, якое пройдзе ў Баку. І не забывайце: спорт - гэта не толькі барацьба, гэта яшчэ і прыгажосць.