Рубрыка "Матчбол"

28 мая 2018

Вікторыя Азаранка саступае ўжо ў першым крузе Адкрытага чэмпіянату Францыі па тэнісе, у двух сэтах мінчанка прайграла прадстаўніцы Чэхіі Кацярыне Сіняковай. А вось у футбалістаў "Мінска" і баскетбалістаў "Цмокаў" эмоцыі ад сваіх вынікаў толькі станоўчыя. Падрабязнасці ў рубрыцы "Матчбол".

Футбольны клуб "Мінск" атрымлівае першую перамогу ў сезоне. На хатнім стадыёне “гараджане” разграмілі сталічнае "Тарпеда", 6:1. Гэтая вікторыя дазволіла мінчанам перамясціцца на 12-ю пазіцыю.

Зараз у каманды Аляксандра Лухвіча ў актыве 7 балаў, у апошняга "Гомеля" - 4. Чэмпіянат яшчэ толькі стартаваў, асноўная барацьба яшчэ наперадзе, аднак, улічваючы маладосць складу гараджан, усё ж канстатуем: за высокія пазіцыі "Мінск" у гэтым сезоне змагацца не будзе.

Сталічнае "Дынама" пасля хатняга паражэння ад БАТЭ (0:1) напярэдадні (2:0) перамагае ў Смалявічах мясцовую аднайменную каманду. "Шахцёр" таксама здабыў 3 балы: “гарнякі” (2:1) мацнейшыя за "Гомель". Барысаўчане сёння дома сустрэнуцца з "Іслаччу". Пачатак гульні ў 18:45. Час паспець на матч яшчэ ёсць.

Баскетбалісты сталічных "Цмокаў" дзясяты год запар перамагаюць у чэмпіянаце краіны. Гэтым разам (3:0) у серыі мінчане былі мацнейшымі за магілёўскі "Барысфен". А вось валейбольныя зборныя краіны так упэўнена сёння не выглядаюць.

4 гульні правялі мужчынская і жаночая каманды на мінулым тыдні на "Чыжоўка-Арэне". У сераду беларускія хлопцы ў Еўралізе саступілі Харватыі 0:3, у суботу перамаглі Венгрыю, 3:0. А вось дзяўчаты павінны былі атрымліваць вікторыі і над Славакіяй, і над Іспаніяй, аднак прадстаўніцам Пірэнеяў беларускі нечакана саступілі, 1:3.

Пакуль і мужчыны, і жанчыны ў турнірнай табліцы Еўралігі займаюць другое месца, у наступны раунд турніру выйдзе толькі пераможца квартэта.

БГК імя Мяшкова пяты раз запар і дзясяты ў сваёй гісторыі выйграе чэмпіянат Беларусі па гандболе. У залатым паядынку ў Брэсце гаспадары справіліся са сталічным СКА (22:19) і цяпер апярэджваюць "армейцаў" на 3 балы за тур да фінішу першынства. У матчах заключнага тура, якія ўжо нічога не вырашаюць, заўтра БГК прыме гродзенскі "Кронан", СКА на хатняй пляцоўцы згуляе з "Гомелем".

На гэтым тыдні працягваем сачыць за валейболам. Жаночая зборная сустрэнецца з Іспаніяй, а мужчыны згуляюць з Албаніяй, паралельна падтрымліваем беларусаў на тэнісным турніры Roland Garros, а ў пятніцу стартуе чэмпіянат Еўропы па мастацкай гімнастыцы. Усе гэта, зразумела, на тэлеканалах Белтэлерадыёкампаніі. Любіце спорт, мы абавязкова яшчэ ўбачымся.