Рубрыка “Матчбол”

24 октября 2016

Мінск пачынае рыхтавацца да другіх Еўрапейскіх гульняў. Ганаровае права прымаць спартыўнае свята беларуская сталіца атрымала па выніках Генеральнай асамблеі Еўрапейскіх алімпійскіх камітэтаў. Мінскае хакейнае "Дынама" зарабіла чарговыя 5 балаў у рэгулярным чэмпіянаце КХЛ. Пра гэта і не толькі ў нашай спартыўнай рубрыцы “Матчбол”.

Бадай, галоўная навіна мінулага тыдня – летам 2019 года наша краіна прыме другія Еўрапейскія гульні. Гэтую магчымасць мы атрымалі пасля перамогі ў галасаванні ў пятніцу на Генеральнай асамблеі Еўрапейскіх алімпійскіх камітэтаў. Такім чынам, Беларусь зробіць яшчэ адзін крок на вялікай сцэне міжнародных спартыўных падзей.

Наша краіна ўжо не раз паспяхова прымала сусветнае першынство. Упэўненасць у тым, што Беларусь справіцца з правядзеннем гульняў на належным узроўні, напярэдадні ў Мінску выказалі самыя ўплывовыя функцыянеры сусветнага спорту.

У Беларусі ў найбліжэйшы час будзе створаны арганізацыйны камітэт, які ў супрацоўніцтве з камісіямі Еўрапейскіх алімпійскіх камітэтаў складзе планы па падрыхтоўцы спартыўнага свята. Пры гэтым Максім Рыжанкоў ужо заявіў, што арганізацыя гульняў будзе каштаваць нашай краіне некалькі дзясяткаў мільёнаў долараў.

Сталічнае хакейнае “Дынама” тым часам завяршыла трэцюю хатнюю серыю ў рамках рэгулярнага чэмпіянату КХЛ.

У сераду без варыянтаў “зубры” прайгралі маскоўскаму “Спартаку” 1:5. У суботу ў серыі булітаў 3:2 мінчане былі мацнейшыя за “Тарпеда”, а напярэдадні бела-блакітныя не пакінулі шанцаў «Сочы» - 5:2. Такім чынам, пасля 22-х матчаў, праведзеных у лізе, у “Дынама” пакуль 40 балаў і шостае месца на Захадзе.

Наступную гульню бела-сінія правядуць у чацвер у Яраслаўлі супраць мясцовага “Лакаматыва”.

На гэтым тыдні спартыўных падзей не так шмат, як хацелася б, аднак заўтра заклікаем усіх аматараў хакея зазірнуць на “Чыжоўка-Арэну” - на фінал Кубка Руслана Салея. У галоўным матчы турніру “Юнацтва” сустрэнецца з “Нёманам”.