Рубрыка "Матчбол"

24 сентября 2018

Лепшая на дадзены момант тэнісістка Беларусі – мінчанка Арына Сабаленка - з няпростай перамогі сёння стартавала на прэстыжным турніры ў кітайскім Ухані. Сталічнае хакейнае "Дынама" 4 балы заваёўвае ў чарговай выязной серыі. А футбольнае "Дынама" тым часам выходзіць на другое месца ў чэмпіянаце. Падрабязнасці ў рубрыцы "Матчбол".

Бела-блакітныя напярэдадні на хатнім стадыёне перамагаюць сталічны "Прамень" 3:2, а вось галоўныя канкурэнты мінчан за другое месца ў 22-ім туры сінхронна страчваюць ачкі.

Салігорскі "Шахцёр" прайграў упершыню пад кіраўніцтвам Сяргея Ташуева, у Мінску "гарнякі" саступілі "Іслачы" 0:1. З такім жа лікам другі прэтэндэнт на медалі – "Віцебск" - саступіў брэсцкаму "Дынама". За крок ад страты балаў былі і футбалісты Сяргея Гурэнкі, аднак на 82-ой хвіліне вырашальны гол забіў Аляксей Гаўрыловіч.

У актыве мінскага "Дынама" 45 балаў, адставанне ад лідара - БАТЭ - 6 ачкоў. На трэцім месцы пакуль "Віцебск".

А вось БАТЭ свой матч 22-га тура правядзе ў сераду. Перанос гульні супраць "Тарпеда" звязаны з, бадай, самым моцным ударам для клуба і прыхільнікаў барысаўчан – смерцю Анатоля Капскага. Сэрца старшыні праўлення жоўта-блакітных перастала біцца ў суботу – Антолю Анатольевічу было 52 гады. Менавіта з яго імем звязаны поспехі БАТЭ. Анатоль Капскі стаў ініцыятарам адраджэння заводскай каманды, пасля чаго за 21 год існавання клуб заваяваў 14 чэмпіёнскіх тытулаў, а таксама тройчы перамагаў у Кубку Беларусі і сем разоў у Суперкубку.

Хакейнае "Дынама" атрымлівае дзве перамогі з трох магчымых у чарговай выязной серыі, аднак нават нягледзячы на гэты станоўчы вынік "зубры" застаюцца на апошнім месцы Заходняй канферэнцыі.

Каманда Гордзі Дуаера ў аўторак мацнейшая за яраслаўскі "Лакаматыў" 2:1, у чацвер бела-блакітныя не пакінулі шанцаў "Поўначсталі" ў Чарапаўцы 4:1. Аднак у Маскве без варыянтаў мінчане саступілі аднаклубнікам 2:5. Пасля дзевяці гульняў у актыве беларусаў 21-ае агульнае месца і 6 ачкоў. Наступныя тры паядынкі "Дынама" правядзе на "Мінск-Арэне". Найбліжэйшы - у сераду супраць "Салават Юлаева".

На гэтым тыднi сочым за тэнісным турнірам у кітайскім Ухані, паралельна падтрымліваем сталічнае хакейнае "Дынама" – у нядзелю вас чакае цэнтральны паядынак восені ў футбольным чэмпіянаце краіны: БАТЭ прыме "Дынама".

Усё гэта на тэлеканалах Белтэлерадыёкампаніі. Любіце спорт!