Міністр замежных спраў Беларусі сустрэўся з польскім калегам

22 марта 2016

Добрыя перадумовы для ўмацавання даверу ў адносінах Беларусі і Польшчы створыць візіт у нашу краіну кіраўніка польскага МЗС Вітольда Вашчыкоўскага. Такую думку выказаў сёння Міністр замежных спраў Беларусі Уладзімір Макей на сустрэчы ў Мінску са сваім польскім калегам. Бакі абмеркавалі шырокае кола пытанняў, уключаючы аспекты эканамічнага ўзаемадзеяння, трансмежнае супрацоўніцтва, тэму консульскага ўзаемадзеяння і іншыя. Уладзімір Макей звярнуў увагу на тое, што візіт польскага калегі ў Беларусь у двухбаковым фармаце здзяйсняецца ўпершыню за апошнія восем гадоў.

Кіраўнікі МЗС Беларусі і Польшчы не маглі не закрануць і тэму сённяшніх тэрактаў у Бруселі. Беларусь катэгарычна асуджае любыя формы тэрарызму. Пра гэта заявіў Уладзімір Макей. Міністры выказалі спачуванні пацярпелым у выніку тэрарыстычных актаў у бельгійскай сталіцы, родным і блізкім загінуўшых.