Рубрыка "Матчбол"

13 марта 2017

Сталічнае «Юнацтва» за два крокі ад фіналу Кубка Прэзідэнта па хакеі. Дзеючы чэмпіён у паўфінальнай серыі ў першых двух матчах, якія праходзілі на “Чыжоўка-Арэне”, у авертайме перамагае “Шахцёр” 3:2 і 1:0. Серыя пераязджае у Салігорск. Пра гэта і не толькі ў рубрыцы “Матчбол».

БАТЭ сёмы раз ў сваёй гісторыі заваёўвае Суперкубак краіны. Футбольны сезон у Беларусі стартаваў у мінулую суботу. Апанентам барысаўчан у паядынку за ганаровы трафей выступіў жодзінскі клуб “Тарпеда-БелАЗ”.

«Аўтазаводцы» - уладальнікі Кубка краіны - значыліся аўтсайдарамі супрацьстаяння, аднак менавіта яны адкрылі лік у сустрэчы. Пенальці рэалізаваў Хачатуран ужо на шостай хвіліне гульні. Аднак больш вопытныя футбалісты БАТЭ, упершыню гуляючы ў тры абаронцы, не толькі аднавілі раўнавагу, а ўвогуле адзначыліся тройчы і заканамерна атрымалі вікторыю ў паядынку.

Цікава, аднак галоўны трэнер жоўта-блакітных застаўся незадаволены такім сцэнарыем сустрэчы.

Ужо ў сераду і “Тарпеда”, і БАТЭ чакаюць чвэрцьфіналы Кубка краіны. У Жодзіне «аўтазаводцы» прымуць футбольны клуб “Слуцк”. Барысаўчане ў гасцях сустрэнуцца з “Мінскам”.

Чэмпіянат краіны па хакеі працягваецца паўфінальнымі серыямі да чатырох перамог. На гэты момант зразумела адно: у фінале дакладна згуляе прадстаўнік цэнтральнага рэгіёна. Салігорскі “Шахцёр” спрачаецца са сталічным “Юнацтвам”, у другой пары сапернік “Гомеля” – “Нёман”. У пятніцу і суботу мінчане 3:2 і 1:0 адпаведна на “Чыжоўка-Арэне” перамагаюць «гарнякоў» у авертайме і вядуць у серыі 2:0. Трэці матч паміж камандамі пройдзе заўтра ў Салігорску.

Гродзенскі “Нёман” у першым матчы супраць “Гомеля” ўпэўнена перамагае 5:2.

Дзявяты этап Кубка свету па біятлоне напярэдадні завяршыўся ў Фінляндыі. Віншуем Дар’ю Домрачаву: трохразовая алімпійская чэмпіёнка стала трэцяй у спрынце. Гэты п’едэстал для беларускі стаў другім пасля вяртання ў вялікі спорт. З нулём у графе “промахі” Дар'я прайграла Тырыль Экхаф і Лауры Дальмаер. У суботу ў пасьюце беларуска магла паўтарыць поспех, аднак з трыма недакладнымі выстраламі Домрачава, на жаль, стала чацвёртай, прайграўшы ўсяго дзве секунды трэцяй Лізе Вітоцы з Італіі. Апошні этап Кубка свету 17 сакавіка стартуе ў нарвежскім Халменколене.

Акрамя біятлона, на гэтым тыдні сочым за футболам і хакеем: заўтра вас чакае Ліга чэмпіёнаў, у сераду – Кубак краіны, а ўжо сёння - плэй-оф Экстралігі.

Усё гэта на тэлеканалах Белтэлерадыёкампаніі. Любіце спорт!