Рубрика «Матчбол»

1 февраля 2016

Вера Лапко – трыумфатар першага ў сезоне турніру па тэнісе сярод юніёраў. Мінчанка атрымала ўпэўненую перамогу на кортах Аўстраліі, дарэчы, упершыню ў сваёй кар'еры, з чым павіншаваў беларуску Прэзідэнт краіны. Нагадаем, Вікторыя Азаранка ў Мельбурне дайшла да чвэрцьфіналу і ў сусветным рэйтынгу цяпер займае 14-е месца. Рубрыка "Матчбол" працягне выпуск.

Сталічнае хакейнае "Дынама" ў гэтыя хвіліны ў Тальяці змагаецца супраць мясцовай "Лады" ў рамках рэгулярнага чэмпіянату КХЛ, прамую трансляцыю паядынку вядзе тэлеканал "Беларусь 5". Сёння патрэбна толькі перамога, каб шанцы на плэй-оф у "зуброў" заставаліся.

Тры перамогі запар вяртаюць надзею бела-блакітным на выхад у другую частку спаборніцтваў. У Рызе 3:0 мінчане перайгралі мясцовае "Дынама", а на "Мінск-Арэне" - СКА і "Спартак". Вікторыя над дзеючым уладальнікам Кубка Гагарына - «армейцамі» Санкт-Пецярбурга - атрымалася найбольш складанай, таму і самай прыемнай.

Перамогі над лідарамі сезона ў выкананні "зуброў" сістэматычныя, а не выпадковыя, таму каманда вартая ўдзелу ў накаўт-раўндзе. Аднак ад восьмай дружыны турнірнай табліцы – "Слована" - беларусы адстаюць на 6 балаў. Таму ў апошніх пяці гульнях чэмпіянату неабходна толькі перамагаць і спадзявацца на няўдачы славацкага калектыву.

А вось выступленне гандбалістаў зборнай Беларусі атрымалася вельмі паспяховым на чэмпіянаце Еўропы, каманда стала дзясятай на першынстве Старога Свету.

Галоўным станоўчым вынікам стала вельмі ўпэўненая гульня нашай моладзі. У апошнім матчы асноўнага раўнду менавіта іх не па гадах сталыя дзеянні на пляцоўцы і вызначылі вынік паядынку супраць зборнай Македоніі: беларусы адсвяткавалі вікторыю 30:29.

На жаль, дзясятае месца не дазволіла нам паспрачацца за пуцёўку ў алімпійскі Рыа, аднак ёсць упэўненасць, што ў Токіа ў 2020 беларуская каманда абавязкова будзе.

На гэтым тыдні, зразумела, падтрымліваем сталічнае хакейнае "Дынама" і абавязкова баскетбалістаў сталічных "Цмокаў": у сераду "цмокі" паспрачаюцца за выхад у топ-16 Еўракубка. Беларусам неабходна толькі перамога. А ў чацвер ужо стартуе восьмы этап Кубка свету па біятлоне. Усё гэта, зразумела, на тэлеканалах Белтэлерадыёкампаніі, любіце спорт, і яшчэ ўбачымся.