Калядны турнір. Дзень другі

5 января 2016

На "Чыжоўка-Арэне" некалькі хвілін таму завяршыўся матч з удзелам нашай каманды. Беларуская дружына абышла славакаў з лікам 4:3 і датэрмінова забяспечыла сабе выхад з групы.

Але турнір - гэта не проста хакей, як прызналіся яго ўдзельнікі, гэта сустрэча старых сяброў і магчымасць набыць новых і не толькі сярод хакеістаў. Ужо заўтра ўдзельнікі адправяцца ў госці з падарункамі ў школу-інтэрнат у Радашковічах. Бо гэта яшчэ адна традыцыя ў святочныя дні - дарыць цяпло і любоў дзецям, якім так гэтага не хапае. Усе вынікі спартыўнага дня - у рэпартажы Алены Гарэльчык.

З лёду - на трыбуны, з "Чыжоўкі" - на "Мінск-Арэну". Адыграўшы свае матчы, хакеісты - удзельнікі Каляднага турніру запісаліся ў шэрагі балельшчыкаў. Свой першы паядынак навагодняй хатняй серыі праводзіла мінскае "Дынама". "Барсам" "зубры" закінулі практычна адразу. На трыбунах зараўлі беларусы, немцы, фіны, славакі...

Халед Аль Кубайсі, менеджар аматарскай хакейнай каманды ААЭ: "Атмасфера на трыбунах дзіўная. Я бачу, што хакей у вашай краіне сапраўды любяць. Дзе б мы ні былі - гулялі на Калядным турніры або вось зараз на матчы "Дынама" - трыбуны запоўненыя. А як вы хварэеце і перажываеце за любімыя каманды".

Галоўная інтрыга сённяшняга дня - ці змогуць беларусы датэрмінова за тур да завяршэння групавога турніру выйсці ў фінал. У саперніках славакі. Калі прасачыць за іх статыстыкай на ўсіх калядных турнірах, то не скажаш, што гэта каманда паказвала выдатныя вынікі. Вечна чацвёртыя - так назвалі іх балельшчыкі.

Аднак гэтым разам з Браціславы прыехалі адразу шэсць чэмпіёнаў свету 2000 года, у іх за плячамі вопыт наймацнейшай Лігі планеты НХЛ, таму беларусам сёння было няпроста.

У складзе славакаў і галоўная зорка турніру - Міраслаў Шатан, больш за тысячу матчаў у НХЛ. Яго рэгаліям і даўгалеццю можа пазайздросціць любы прафесіянал. Яшчэ нядаўна форвард выступаў супраць мінскага "Дынама" у КХЛ, навыкаў не страціў, вось ён упершыню на Калядным турніры.

Міраслаў Шатан, форвард аматарскай хакейнай каманды Славакіі: "Мой апошні чэмпіянат свету быў менавіта тут, у Мінску, два гады таму. Зараз я ўдзельнічаю ў Калядным турніры. Гэта магчымасць пабачыцца з сябрамі, былымі партнёрамі па нацыянальнай камандзе. Учора мы гулялі супраць Аб'яднаных Арабскіх Эміратаў. Экзотыка, вядома. Але было весела. Я перастаў трэніравацца два гады таму. Гэта няпроста - вярнуцца ў хакей пасля працяглай паўзы".

Калядны турнір хуткаплынны. Так атрымалася, што ўжо на другі дзень галоўнае пытанне - хто будзе ў фінале? - стала рубам. Беларусы і славакі змагаліся ў групе А, у групе Б таксама сустракаліся фаварыты шведы і фіны. Краіна Суомі ў выніку аказалася мацнейшай - 10-1.

У нашай групе пакуль з нулём у графе выйгрышаў каманда з Аб'яднаных Арабскіх Эміратаў, якая сёння прайграла швейцарцам, 6-9.

Цікавасць да турніру не слабее. Нават больш. Вынікі матчаў 12-га турніру інтрыгуюць як ніколі. Гледачы з задавальненнем ідуць на трыбуны. У марознае студзеньскае надвор'е наведванне хакея - выдатнае баўленне часу.

Крысціян Шустэр, абаронца аматарскай хакейнай каманды Швейцарыі: "Мне вельмі падабаецца атмасфера, вельмі падабаюцца людзі. Я тут першы раз. І насамрэч прыязджаў бы яшчэ і яшчэ, таму што гэта выдатны турнір. Дарэчы, пра яго даведаўся выпадкова. Адзін з гульцоў нашай каманды зламаў нагу. Я спытаў: ты катаўся на лыжах? Ён сказаў: не, гуляў у хакей. Аказалася, мы часта сустракаліся на лёдзе, гуляючы адзін супраць аднаго. І пасля, калі мы пасябравалі, ён паказваў мне шмат відэа з Каляднага турніру, я папрасіў узяць і мяне ў Мінск".

Хто застанецца ў гульні, а хто перамесціцца на трыбуны. Заўтра ў групах пройдуць заключныя матчы. У 14:00 паралельна славакі згуляюць са швейцарцамі, а немцы са шведамі. У 19:00 беларусы выйдуць на лёд супраць каманды з ААЭ, а расіяне сустрэнуцца з фінамі.