Расія і Фінляндыя - 4:4, ААЭ і Швейцарыя - 6:1, Славакія і Германія - 6:1

5 января 2017

Сёння  другі дзень хакейных баталій на “Чыжоўка-Арэне”.  У Мінску праходзіць 13-ы  Калядны турнір  на прыз Прэзідэнта Беларусі.

Першымі на лёд сёння выйшлі каманды Расіі і Фінляндыі. Дружына нашых усходніх суседзяў пасля разгромнага паражэння напярэдадні ад славакаў, 0-12, сёння гуляе ўнічыю, 4-4.  Заўтра на малой пляцоўцы "Чыжоўка-Арэны" прадстаўнікі краіны Суомі пазмагаюцца са Славакіяй. Сапернік каманды Расіі - Швейцарыя.

Аб'яднаныя Арабскія Эміраты разграмілі каманду Швейцарыі – 6-1. І гэта перамога стала для жыхароў поўдня першай за ўвесь час выступлення на Калядным турніры.

Некалькі хвілін таму на малой арэне завяршыўся матч каманд Германіі і Славакіі. Перамогу з лікам 6-1 святкавалі славакі. А на вялікай арэне ў 19:00 стартавала сустрэча каманды  Прэзідэнта Беларусі  і  дэбютанта турніру - зборнай Балкан, у склад якой уваходзяць прадстаўнікі васьмі дзяржаў. Гэту сустрэчу ў запісе  пакажа тэлеканал "Беларусь 5". Пачатак трансляцыі  ў 21:50.