Рэнэ Фазель: Калядны турнір пашыраецца і набірае папулярнасць з кожным годам

4 января 2020
Спартыўным духам літаральна прасякнутыя гэтыя дні. Калядны турнір і фінал "Залатой шайбы" задаюць не толькі той самы святочны настрой, але і заклікаюць усіх балельшчыкаў да актыўнага ладу жыцця. Пра гэта гаварылі сёння і на вышэйшым узроўні.

На ўрачыстым адкрыцці XVI Каляднага турніру Рэнэ Фазель выйшаў на лёд без канькоў, як гавораць прафесіяналы, басанож

На сустрэчы з кіраўніком Міжнароднай федэрацыі хакея Рэнэ Фазелем Прэзідэнт адзначыў, што такія аматарскія турніры яшчэ і прадаўжаюць кар'еру спартсменаў. Так, апошнім часам гульня беларускіх прафесіяналаў хутчэй засмучае, але гэта можна паправіць, адзначыў Кіраўнік дзяржавы. Пры гэтым праблема недахопу лёду для аматараў і ветэранаў хакея ў Беларусі вырашана. 
Дарэчы, ва ўрачыстым адкрыцці XVI Каляднага турніру высокі госць прыняў непасрэдны ўдзел. Функцыянер выканаў ганаровую місію - першае ўкіданне. На цырымоніі здарыўся і невялікі канфуз. Рэнэ Фазель выйшаў на лёд без канькоў, як гавораць прафесіяналы, басанож, а таму не ўтрымаўся на нагах. Свята гэта не сапсавала, толькі стала прадметам жартаў на сустрэчы сёння. 
Асабістая прысутнасць кіраўніка федэрацыі  зборнай не дапамагла. Каманда Прэзідэнта Беларусі лёгка разграміла сапернікаў з лікам 11:3. Таксама ўчора перамогу святкавалі Швейцарыя і Арабскія Эміраты. Зборная Балтыі і Германія разышліся выніковай нічыёй - 7:7. 

Прэзідэнт анансаваў пашырэнне хакейнага каляднага свята 

Дарэчы, Прэзідэнт сёння анансаваў пашырэнне хакейнага каляднага свята. Колькасць каманд у будучыні вырасце. Справа ў тым, што ветэранаў, якія хочуць вярнуцца на лёд да годных сапернікаў і  смаку перамогі,  у свеце шмат, адзначыў Кіраўнік дзяржавы. Сваімі эмоцыямі падзяліўся і кіраўнік Міжнароднай федэрацыі хакея. 

Рэнэ Фазель,  прэзідэнт Міжнароднай федэрацыі хакея:
"Я шчаслівы зноў вярнуцца ў Мінск, у Беларусь. Вельмі прыемна зноў сустрэнецца з вашым Прэзідэнтам. Калядны турнір пашыраецца і набірае папулярнасць з кожным годам. І я хачу павіншаваць аматараў хакея і падзякаваць вашай краіне за такую працу на карысць спорту".

Прэзідэнт паабяцаў правесці чэмпіянат свету ў Мінску годна

Рэнэ Фазель - даўні сябар спартыўнай і асабліва хакейнай Беларусі. Менавіта ён прыклаў максімум намаганняў, каб абараніць Мінск  як сталіцу чэмпіянату свету 5 гадоў таму. Федэрацыя тады перажывала сур'ёзны палітычны націск, але выбару не змяніла. Гэтая ж прынцыповасць дапамагла ў маі 2017 года зрабіць яшчэ адзін дакладны выбар на карысць прыгожага спорту. Нагадаю, тады ў Кёльне Беларусь і Латвія выйгралі права на правядзенне сумеснага чэмпіянату свету. Мінск і Рыга прымуць галоўныя лядовыя баталіі на хатніх арэнах ужо ў наступным годзе. Прэзідэнт сёння паабяцаў правесці гэты чэмпіянат годна.

Ад сябе Рэнэ Фазель дадаў, што гатоўнасць Беларусі ўжо не выклікае сумненняў


Рэнэ Фазель, прэзідэнт Міжнароднай федэрацыі хакея: "Латвія і Беларусь - наймацнейшыя хакейныя дзяржавы. Хакей - гэта адзін з вядучых відаў спорту для вашых краін. Таму ў мяне няма ніякіх падстаў хвалявацца за будучы чэмпіянат. Я ўпэўнены ў поспеху на 100 %. У 2014 мы ўжо праводзілі хакейнае першынство планеты ў Мінску. Тады 16 каманд паказалі выдатную гульню, прымаючы бок - выдатную арганізацыю, а балельшчыкі - самую высокую падтрымку сваіх улюбёнцаў. І Беларусь, і Латвія валодаюць выдатнай базай для фанатаў хакея. Таму я сапраўды чакаю лепшага чэмпіянату свету ў наступным годзе ў Рызе і  Мінску".

І яшчэ высокі госць зазначыў, што хакей застаецца адным з нешматлікіх відаў спорту, якіх не закранулі допінгавыя скандалы. Справа ў тым, што на хакейным лёдзе перавагі даюць  хуткасць, спрыт і мазгі, а не знаходкі фармацэўтаў.